Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад патлумачыў новыя нормы кананічнага права

Апостальская Пэнітэнцыярыя патлумачыла новаўвядзенне, змешчанае ў Апостальскім лісце Францішка Assegnare alcune competenze (Надаць некаторыя кампетэнцыі), абнародаванага 15 лютага 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У дакуменце Святога Айца, між іншым, гаворыцца, што дыяцэзіяльныя біскупы і настаяцелі інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, маюць кампетэнцыю зменшыць колькасць цэлебрацый святых Імшаў адносна колькасці атрыманых інтэнцый, калі для гэтага існуюць сур’ёзныя прычыны.

Апостальская Пэнітэнцыярыя ўдакладніла, што застаецца дзейснай практыка, якая ўжываецца ў сітуацыі, пры якой святар, атрымаўшы пэўную колькасць інтэнцый для святых Імшаў і не маючы магчымасці іх цэлебраваць, можа праз пасрэдніцтва свайго спаведніка, звярнуцца ў Апостальскую Пэнітэнцыярыю, якая будзе дзейнічаць на падставе атрыманай інфармацыі. Пра ўсе выпадкі магчымага змяншэння колькасці цэлебрацый святых Імшаў адносна атрыманых інтэнцый, Вярхоўны Пэнітэнцыярый павінен паінфармаваць Святога Айца падчас прыватнай аўдыенцыі, - гаворыцца ў паведамленні.

Апостальскім лістом Assegnare alcune competenze прадугледжваецца большая дэцэнтралізацыя ў пытаннях, звязаных з кіраваннем семінарыямі, фармацыяй святароў, рэдагаваннем і выданнем катэхізісаў і іншымі сферамі. У motu proprio Папа пашырыў кампетэнцыі біскупаў і вышэйшых настаяцелей манаскіх супольнасцей, змяніўшы некаторыя нормы Кодэкса кананічнага права Касцёла і Кодэкса канонаў Усходніх Касцёлаў.
 

15 сакавіка 2022, 12:26