Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у АБСЕ: вайна – параза міжнароднага права

Апостальскага Сталіца ў чарговы раз нагадала пра непрымальнасць выкарыстання ваеннай сілы і заклікала паважаць міжнароднае права і правы чалавека, як асновы міру.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Вайна з’яўляецца парушэннем міжнароднага прававога парадку”, - нагадаў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры АБСЕ падчас сустрэчы на тэму “Міжнароднае супрацоўніцтва на карысць барацьбы з парушэннямі міжнароднага гуманітарнага права і правоў чалавека”, якая прайшла 30 сакавіка 2022 года ў Вене.

З моманту прыняцця Хельсінскага пагаднення ў 1975 годзе ўсеагульныя правы чалавека і асноўныя свабоды былі прызнаныя “істотным фактарам міру, справядлівасці і дабрабыту, неабходным для забеспячэння развіцця, сяброўскіх адносін і ўзаемнага супрацоўніцтва”, - заўважыў ватыканскі дыпламат, падкрэсліваючы, што ўсялякае парушэнне правоў чалавека і асноўных свабод з’яўляецца пагрозай міру.

Мансеньёр Урбанчык працытаваў словы Папы пра “непрымальную ваенную агрэсію” супраць Украіны, заўважаючы, што Святы Айцец занепакоены пастаяннымі парушэннямі асноўных правоў чалавека і настойвае на неабходнасці “вярнуцца да павагі да міжнароднага права”.

“Кроў і слёзы дзяцей, пакуты жанчын і мужчын, якія абараняюць сваю зямлю або ўцякаюць ад бомбаў, грукаюць да нашага сумлення. Зноў чалавецтву пагражае вычварнае злоўжыванне ўладай і прыватнымі інтарэсамі, якія асуджаюць безабаронных людзей на спазнанне ўсіх форм брутальнага гвалту”, - нагадаў словы Пантыфіка ватыканскі дыпламат.

“Святы Пасад заўсёды быў перакананы, што мір і бяспека” ствараюцца праз штодзённыя намаганні, накіраваныя на ўсталяванне ўпарадкаванага свету, якога жадае Бог, у якім пануе дасканалая справядлівасць паміж людзьмі”, - сказаў мансеньёр Урбанчык. Гэты парадак і справядлівасць грунтуюцца не на ваеннай моцы, а на шчырай абароне і прасоўванні ўсеагульных правоў чалавека і асноўных свабод, парушэнне якіх ніколі не перастане хваляваць наша сумленне”, - дадаў прадстаўнік Святога Пасаду пры АБСЕ.

31 сакавіка 2022, 10:09