Звычайны публічны кансісторый. 2022.03.04 Звычайны публічны кансісторый. 2022.03.04 

Ватыкан: у маі кананізацыя дзесяці благаслаўлёных

4 сакавіка 2022 года Францішак узначаліў Звычайны публічны кансісторый, падчас якога былі разгледжаны тры кананізацыйныя справы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Па яго выніках было паведамлена, што 15 мая 2022 года ў Рыме Папа правядзе кананізацыю галандскага кармеліта Ціта Брандсмы (1881-1942), свецкае імя якога Ано Шурд, забітага з нянавісці да веры ў нацысцкім канцэнтрацыйным лагеры Дахаў; італьянскай законніцы Марыі ад Езуса (1852-1923), свецкае імя якой Караліна Сантаканале, заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Капуцынак Беззаганнай з Лурда; а таксама французскай законніцы Марыі Рыўе (1768-1838), заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Ахвяравання Марыі.

Такое рашэнне Святы Айцец прыняў, выслухаўшы меркаванне кардыналаў, якія сабраліся ў Зале кансісторыяў ватыканскага Апостальскага палацу.

Раней на 15 мая ўжо была запланавана кананізацыя сямі іншых благаслаўлёных: Лазара Пілая, вядомага як Дэвасахаям, індыйскага свецкага верніка, мучаніка, забітага з нянавісці да веры (1712-1752); французскага святара, Сэрара дэ Бю (1544-1607), заснавальніка Кангрэгацыі Айцоў Хрысціянскай Дактрыны; Луіджы Марыі Палацолы (1827-1886), заснавальніка манаскай Супольнасці Сясцёр Бедных; Джусціна Марыі Русаліла (1891-1955), італьянскага святара, заснавальніка Таварыства Боскіх Пакліканняў і Кангрэгацыі Сясцёр Боскіх Пакліканняў; французскага святара Шарля дэ Фуко (1858-1916); Марыі Франчэскі ад Езуса (свецкае імя: Анна Марыя Рубата) (1844-1904), італьянскай манахіні, заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Капуцынак з Лаана; Марыі Даменікі Мантовані (1862-1934), сузаснавальніцы і першай генеральнай настаяцельніцы Інстытута Малых Сясцёр Святой Сям’і.
 

04 сакавіка 2022, 12:13