Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Асцярогі кардынала Коха адносна “сінадальнага шляху” ў Германіі

Нямецкія біскупы павінны не толькі абараняцца, але і ўступіць у дыялог, бо за крытыкай пастулатаў “сінадальнага шляху” хаваюцца абгрунтаваныя асцярогі, да якіх трэба ставіцца сур’ёзна.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Такое меркаванне ў інтэрв’ю EWTN выказаў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Ён пацвердзіў занепакоенасць Папы нямецкай ініцыятывай, заявіўшы, што яе крытыкі выказваюць “апраўданую заклапочанасць” з нагоды спрэчнага перагляду вучэння Касцёла аб сексуальнай маралі і іншых важных пытаннях, у тым ліку ў дачыненні да гомасексуалізму.

Іерарх нагадаў пра “братэрскую заклапочанасць”, выказаную польскім епіскапатам і Канферэнцыяй Біскупаў Скандынавіі, а таксама пра нядаўні Братэрскі адкрыты ліст, падпісаны чатырма кардыналамі і больш чым 80 біскупамі, у якім гучыць занепакоенасць, што працэс, які ідзе ў Германіі, можа падарваць аўтарытэт і лідарства Касцёла.

Сінадальны шлях быў заяўлены яго ініцыятарамі як шматгадовы працэс, які праходзіць унутры каталіцкай супольнасці ў Германіі, скіраваны на пераасэнсаванне кіраўніцтва Касцёлам, сексуальнай маралі, святарства і ролі жанчын у Касцёле.

Старшыня Папскай рады заклікаў да дыялогу аб тым, “што Святы Айцец і што нямецкія біскупы разумеюць пад сінадальным шляхам”, дадаўшы, што гэта два розныя падыходы. “Я не лічу іх аднолькавымі. Для Папы сінадальнасць з’яўляецца (...) духоўнай падзеяй. Гэта азначае, што Ён запрашае нас слухаць адно аднаго і, слухаючы адно аднаго, слухаць Святога Духа – тое, што Ён хоча нам сказаць”, - патлумачыў кардынал Кох.

“У мяне склалася ўражанне, што ў Германіі сінадальнасць – гэта гаворка пра структуры, пра што Францішак вельмі ясна сказаў у сваім Лісце да народа Божага ў Германіі, адзначыўшы, што гаворка перш за ўсё ідзе не пра структуры, а пра духоўнасць. А па-другое, што сінадальнасць у цэлым павінна служыць евангелізацыі”, - звярнуў увагу швейцарскі іерарх.

Папа звярнуўся непасрэдна да католікаў у Германіі ў гістарычным 28-старонкавым лісце ад 29 чэрвеня 2019 года. Спасылаючыся на тое, што ён назваў “эрозіяй” і “падзеннем веры” ў гэтай краіне, Святы Айцец заклікаў вернікаў да навяртання, малітвы і посту – і заклікаў іх абвяшчаць Евангелле. Абвяшчэнне веры з’яўляецца першай і адпаведнай місіяй Касцёла, і гэта павінна быць мэтай сінадальнага падарожжа, - звярнуў увагу Папа.

Кардынал Кох нагадаў, што Святы Айцец аддае найвышэйшы прыярытэт абвяшчэнню веры. “У гэтым кантэксце трэба таксама разумець яго ліст да Касцёла ў Германіі, які, я лічу, не быў цалкам улічаны”, - заўважыў іерарх.

У той жа размове старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству абмеркаваў сітуацыю ва Украіне, пацвердзіўшы думку Францішка, што любое рэлігійнае апраўданне вайны з’яўляецца “блюзнерствам”.
 

20 красавіка 2022, 11:26