Кардынал Чэрны пра ліст маці, жонак і дзяцей абаронцаў Марыупаля
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Прэфект ad interim Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека заўважыў, што гэта поўнае болю і трывогі пасланне яшчэ раз нагадвае пра абсалютную ірацыянальнасць і жудасную бессэнсоўнасць вайны. Ён пажадаў, каб заклік, змешчаны ў лісце, быў таксама пачуты ўсімі, хто можа дапамагчы арганізаваць гуманітарныя калідоры і спыніць агонь, што надзвычай неабходна ў дадзены момант.
Ліст – адчайны крык аб дапамозе – адправіў у Ватыкан журналіст украінскага тэлеканала UATV Сакен Аймурзаеў. На яго двух старонках расказваецца пра трагедыю горада, які Францішак назваў пакутнікам і які няспынна падвяргаецца бамбардзіроўкам.
“Святы Айцец, яшчэ магчыма дапамагчы тым, хто пакутуе”, - напісалі аўтары паслання, падкрэсліваючы, што кожны дзень расце колькасць загінулых і пацярпелых. Адзначаецца, што сотні параненых грамадзянскіх і вайскоўцаў, пазбаўленых якой-кольвечы медыцынскай дапамогі з-за недахопу медыкаментаў і дэзінфіцыруючых сродкаў, “павінны быць эвакуіраваны з поля бою”. У лісце ўзгадваецца пра сітуацыю на “Азоўсталі”, дзе ў бамбасховішчах хаваюцца да тысячы мірных жыхароў: гэта месца, якое спачатку здавалася бяспечным, цяпер ператварылася ў пастку.
“Жанчыны, дзеці і параненыя не заслугоўваюць такой смерці на вачах свету”, - напісалі аўтары звароту, падкрэсліваючы, што садзейнічанне іх эвакуацыі будзе “праўдзівым бацькоўскім учынкам, дапамогай добрага пастыра і сапраўдным учынкам міласэрнасці”.