Кардынал Краеўскі ля адной з брацкіх магіл у Барадзянцы Кардынал Краеўскі ля адной з брацкіх магіл у Барадзянцы 

Кардынал Краеўскі пасля візіту ў Барадзянку: няма ні слёз, ні слоў

Апостальскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі, і Апостальскі нунцый ва Украіне, арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас, разам наведалі Барадзянку, адно з самых разбураных мястэчкаў Кіеўскай вобласці.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Візіт прайшоў у Вялікую пятніцу, 15 красавіка 2022 года – у дзень калі Касцёл асаблівым чынам успамінае муку і смерць Езуса Хрыста. Прайшоўшы вуліцамі Барадзянкі кардынал Краеўскі і арцыбіскуп Кульбокас прыватна здзейснілі набажэнства Крыжовага шляху.

“Цяпер мы з нунцыем вяртаемся ў Кіеў з гэтых месцаў, якія выклікаюць жах у кожнага чалавека на зямлі. Мы бачылі шмат загінулых і магілу, дзе па меншай меры 80 чалавек пахаваны без імені і прозвішча. Ужо няма ні слёз, ні слоў”, - сказаў папскі элемазінарый у каментары для Vatican News.

“Добра, што ёсць вера і мы перажываем Вялікі тыдзень, Вялікую пятніцу, калі можам з’яднацца з Езусам і ўзняцца на крыж разам з Ім, бо пасля Вялікай пятніцы... я ведаю, што наступіць Нядзеля Уваскрасення. І, магчыма, Ён патлумачыць нам усё са сваёй любоўю і пераменіць у нас усё, гэту горыч і пакуты, што носім унутры сябе ўжо не адзін дзень, але асабліва сёння”, - дадаў ватыканскі іерарх.

Кардынал Конрад Краеўскі знаходзіцца ў Кіеве са спецыяльнай місіяй. Ён правядзе ўвесь Вялікі тыдзень з украінскім народам па даручэнні Святога Айца. З Рыма іерарх асабіста даставіў аўтамабіль хуткай дапамогі, які Папа перадаў аднаму з кіеўскіх шпіталёў. З пачатку шырокамаштабнай вайны кардынал Краеўскі наведвае Украіну ўжо ў трэці раз.
 

16 красавіка 2022, 11:19