Нунцый у Кіеве: трывожна, што ўзаемная нянавісць толькі расце
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На гэта ў інтэрв’ю Vatican News звярнуў увагу Апостальскі нунцый у Кіеве, арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас. Ён дадаў, што ўсе рэлігіі і хрысціянскія канфесіі ва Украіне згодныя ў асуджэнні расійскай агрэсіі і падтрымліваюць украінскія ўлады. Яны ўсведамляюць, што ў гэтым выпадку было парушана не толькі міжнароднае права, але і вечныя фундаментальныя прынцыпы суіснавання, якія гавораць аб тым, што лёс свайго дома і Радзімы павінны вырашаць самі жыхары, а не чужынцы.
Іерарх падкрэсліў, што неабходна як мага хутчэй дамагчыся спынення агню, бо кожны наступны дзень вайны прыносіць новыя ахвяры і павялічвае ўзаемную варожасць.
“Мы бачым, што ў многіх месцах Украіны больш загінулых цывільных грамадзян, чым вайскоўцаў. Гэта непрымальна. (...) Але ёсць яшчэ нешта, што я заўважаю, калі сачу за СМІ ў Расіі, Украіне і іншых краінах Еўропы і свету. Я бачу, што ўзаемная нянавісць не змяншаецца, яна з кожным днём расце. Гэта адно з наступстваў вайны. Сітуацыя становіцца д'ябальскай. Вайна выклікае няўхільны рост варожасці. Вось чаму Францішак пытаецца ў нас, чаму мы засяроджваемся выключна на чалавечых мэтах нашага жыцця? Калі мы хрысціяне, трэба засяродзіцца на нашым Богу і дазволіць Хрысту нешта выйграць у нашым жыцці. А Хрыстус ніколі не нясе вайны ў нашы сэрцы, у нашы краіны”, - падкрэсліў нунцый.