Дзяржсакратар: Святы Пасад шукае міру па-за вузкімі інтарэсамі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У размове з італьянскім журналістам-ватыканістам Андрэа Гальярдучы кардынал П’етра Паралін закрануў пытанні, звязаныя з рэформай Рымскай курыі, а дакладней: роляй Дзяржсакратарыята і недахопам дыпламатычных кадраў.
Гаворачы аб чатырнаццаці вакантных пасадах Апостальскіх нунцыяў, іерарх патлумачыў, што гэта частка больш шырокага крызісу, які закрануў сферу святарскіх і манаскіх пакліканняў, рэсурсу, з якога чэрпаюцца кадры, у тым ліку для дыпламатыі Святога Пасаду. “На гэтым узроўні бачна, наколькі цяжка кожны год знаходзіць новых кандыдатаў для навучання ў Папскай касцёльнай акадэміі”, - звярнуў увагу ён.
Адказваючы на пытанне, ці мае сэнс існаванне дыпламатыі Святога Пасаду ў свеце, які становіцца ўсё больш секулярызаваным, кардынал Паралін патлумачыў: “Мае сэнс шукаць міру за межамі вузкіх інтарэсаў. Папская дыпламатыя не працуе ні на якія мэты. Тут няма эканамічных, ваенных ці палітычных інтарэсаў. Наша прысутнасць засноўваецца на Евангеллі і традыцыі Касцёла, паколькі Святы Пасад прысутнічаў у міжнароднай супольнасці практычна з самага пачатку. Мы імкнёмся быць прысутнымі там, дзе ўзнікаюць пакуты, і стараемся дапамагчы пераадолець пакуты, выкліканыя канфліктамі, супрацьлеглымі пазіцыямі або сутыкненнямі любога роду".
У заключэнне кіраўнік ватыканскай дыпламатыі спаслаўся на змены, якія рэформа Рымскай курыі ўнясе ў функцыянаванне Дзяржаўнага сакратарыята. Хоць некаторыя з яго задач будуць абмежаваны, ён працягне выконваць сваю місію непасрэднай дапамогі Пантыфіку ў выкананні яго служэння. “Дзяржсакратарыят падпарадкоўваецца непасрэдна Папу”, - нагадаў кардынал Паралін.