Святы Пасад да мусульман: будзем дзяліцца радасцямі і болем
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Святы Пасад нагадаў, што патрэбу ў дзяленні выразна паказала “пандэмія з яе трагічнымі наступствамі для ўсіх аспектаў нашага ладу жыцця”. Важна, каб “усведамленне дабрыні і шчодрасці Бога” напаўняла “нашы сэрцы ўдзячнасцю да Яго”, але таксама заахвочвала нас “дзяліцца дарамі з нашымі братамі і сёстрамі, якія знаходзяцца ў розных сітуацыях нястачы”.
“Самым глыбокі матывам для дзялення з’яўляецца ўсведамленне таго факту, што ўсё, чым з’яўляемся, і ўсё, што маем – гэта дар Бога. Як наступства мы павінны паставіць нашы таленты на службу ўсім нашым братам і сёстрам, дзелячыся з імі ўсім, што маем”, - гаворыцца ў пасланні.
Адзначаецца, што “найлепшая форма дзялення мае свае карані ў шчырай эмпатыі і канкрэтнай спагадзе да іншых”. Дзяленне, аднак, “не павінна быць абмежаванага толькі матэрыяльнымі дабротамі”, а ў першую чаргу “павінна датычыць узаемных радасцей і болю, з якіх складаецца чалавечае жыццё”.
Радасцямі, якімі могуць дзяліцца вернікі розных веравызнанняў, можа быць нараджэнне дзіцяці, аздараўленне ад хваробы, поспех у вучобе, на працы ў бізнесе, вяртанне жывымі і здаровымі з падарожжа і іншыя сітуацыі. Асаблівай радасцю для вернікаў з’яўляецца святкаванне галоўных рэлігійных свят. “Калі адведваем нашых сяброў і суседзяў іншых веравызнанняў і віншуем іх з гэтымі нагодамі, мы раздзяляем іх радасць святкавання, не будучы абавязанымі прымаць рэлігійнае вымярэнне свята, якое адзначаецца”, - гаворыцца ў пасланні. Болем, які можна раздзяліць з вернікамі іншага веравызнання, можа быць смерць дарагога чалавека, хвароба бліжняга, згуба праца, крах праекту ці ініцыятывы, сямейны крызіс.
“Мы спадзяемся, дарагія браты і сёстры мусульмане, што працягнем раздзяляць радасці і боль нашых суседзяў і сяброў, таму што Божая любоў ахоплівае кожнага чалавека і ўвесь сусвет”, - падкрэсліваецца на завяршэнне паслання Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.