Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане пройдзе сусветная сустрэча Місіянераў міласэрнасці

23-25 красавіка 2022 года ў Ватыкане пройдзе ІІІ Сусветная сустрэча Місіянераў міласэрнасці. Форум павінен быў адбыцца яшчэ ў 2020 годзе, але яго перанеслі ў сувязі з пандэміяй.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папская рада па новай евангелізацыі, якая займаецца каардынацыяй служэння і дзейнасці Місіянераў міласэрнасці, паведаміла, што ў сустрэчы прымуць удзел каля 400 святароў з розных частак свету. Звяртаецца ўвага на тое, што ў Ватыкан прыбудзе група місіянераў з Украіны, якія атрымаліся для гэтага спецыяльны дазвол.

Праграма форума прадугледжвае працу ў групах, падчас якой святары будуць дзяліцца досведам служэння, асабліва падчас пандэміі, а таксама некалькі агульных сустрэч. У Нядзелю Божай Міласэрнасці, 24 красавіка 2022 года, місіянеры прымуць удзел у святой Імшы, якую Папа ўзначаліць на плошчы святога Пятра, а на наступны дзень, 25 красавіка, будуць прыняты на аўдыенцыі Пантыфікам.

Місіянеры міласэрнасці з’явіліся ў Касцёле падчас Юбілею Божай Міласэрнасці, які праходзіў у 2015-2016 гадах. Гэтыя святары ўпаўнаважаны адпускаць грахі, адпушчэнне якіх зарэзервавана для вышэйшай касцёльнай улады ці Апостальскай Сталіцы. Яны таксама пакліканы быць асаблівымі сведкамі і прапаведнікамі Божай міласэрнасці. На сённяшні дзень у свеце налічваецца 1040 такіх місіянераў.
 

22 красавіка 2022, 10:03