Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Дзяржсакратар: эскалацыя вайны ва Украіне – пагроза чалавецтву

Заклапочанасць Святога Пасаду з прычыны “магчымай эскалацыі” вайны ва Украіне выказаў Дзяржсакратар Яго Святасці падчас сустрэчы з журналістамі ў Заграбе.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Кардынал П'етра Паралін знаходзіцца ў Харватыі з нагоды 30-га юбілею прызнання Святым Пасадам незалежнасці гэтай краіны і 25-годдзя ратыфікацыі двухбаковых дамоў.

Іерарх нагадаў пра гатоўнасць Францішка зрабіць усё, каб дапамагчы спыніць канфлікт ва Украіне. “Улічваючы разбуральную зброю, якую мы зараз маем у нашым распараджэнні, пашырэнне канфлікту пагражала б знішчэннем усяго чалавецтва”, - сказаў ён.

Кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду нагадаў цвёрдыя словы Папы аб вар’яцтве вайны і яго гатоўнасці зрабіць усё для вяртання міру: гаворка ідзе нават пра візіт Пантыфіка ў Маскву – гэта прапанова дагэтуль не была прынята расійскім бокам. “Здаецца, што ў дадзены момант няма надзеі на дасягненне кампраміснага спынення вайны, але пазіцыя Святога Пасаду застаецца адкрытай для дапамогі ў яе хуткім заканчэнні”, - сказаў кардынал Паралін.

Таксама падчас Імшы ў Заграбе іерарх адзначыў, што “цемра вайны засланяе святло чалавечага розуму і, здаецца, перамагае нават здаровы сэнс”. Апошнія два гады, заўважыў ён, мы жылі ў змроку пандэміі, не ведаючы, што рабіць. Любая спроба знайсці рашэнне здавалася неадэкватнай. Пасля пандэміі наступіў канфлікт ва Украіне. “У такіх “змрочных” перажываннях мы адчуваем сябе разгубленымі, але святло Уваскрослага Хрыста мацнейшае, яно дае надзею і суцяшэнне, таксама праз сваіх сведкаў”, - сказаў кардынал Паралін, згадаўшы благаслаўлёнага кардынала Алойзіе Стэпінаца. “У гэтыя часы вайны ў Еўропе варта звярнуцца да яго заступніцтва. Сёння, як і ён тады, мы сутыкаемся са злом, якое нараджаецца ў сэрцах людзей і мае на мэце ўзяцце пад кантроль розуму і душы людзей”, - звярнуў увагу ён.

Візіт у Заграб пачаўся сустрэчай з мясцовым епіскапатам. "На працягу стагоддзяў харвацкі народ заўсёды праяўляў бясспрэчную лаяльнасць Святому Пасаду. З іншага боку, многія Пантыфікі спрыялі ўзмацненню цесных сувязей з харвацкім народам і дэманстравалі незлічоныя жэсты дабрыні да гэтага Касцёла і гэтай зямлі”, - адзначыў госць з Ватыкана.

Ён заўважыў, што “за апошнія 30 гадоў краіна і мясцовы Касцёл зрабілі вельмі важныя крокі, за якімі ўважліва сачыў Святы Пасад”. Ужо праз некалькі гадоў пасля атрымання незалежнасці ўрад прызнаў асаблівую гісторыка-культурную ролю Касцёла, а таксама яго грамадскае становішча, а ў 1996-1998 гадах падпісаў і ратыфікаваў чатыры двухбаковыя пагадненні са Святым Пасадам. Былі створаны ваенны ардынарыят і пяць дыяцэзій. Вярнулася рэлігійнае навучанне ў школах і лекцыі тэалогіі ў дзяржаўных універсітэтах. Былі адкрыты Харвацкі каталіцкі ўніверсітэт у Заграбе і некалькі каталіцкіх школ, было пабудавана або адноўлена шмат касцёлаў.

Кардынал Паралін высока ацаніў сумесныя намаганні Касцёла і дзяржавы, дзякуючы якім у Харватыі былі ўсталяваны добрыя двухбаковыя адносіны.
 

12 мая 2022, 10:56