Кардынал Чэрны: Еўропа павінна пераасэнсаваць сваю будучыню
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека прызнаўся, што бачыў жах, смерць і страх на тварах бежанцаў, жорсткасць Каіна, які забіў свайго брата Авеля, адчай людзей, якія пакінулі ўсё і ўсіх, каб выратаваць жыццё. Сітуацыя, па яго словах, была і застаецца драматычнай і не зменіцца, пакуль не настане спыненне агню і перамір'е. Іерарх таксама сустрэў шмат людзей, якія спяшаліся на дапамогу пацярпелым, сапраўдных будаўнікоў міру.
Ён нагадаў, што Францішак гатовы зрабіць усё магчымае, каб спыніць вайну і вярнуць мір, згоду і справядлівасць. Менавіта таму Папа выказаў жаданне паехаць у Маскву на сустрэчу з Пуціным, нягледзячы на свае праблемы са здароўем. Малітва, дыпламатычнае пасрэдніцтва і гуманітарная дапамога – гэта інструменты, якімі Пантыфік і Святы Пасад увесь час карыстаюцца, каб пакласці канец вайне.
Кардынал-прэфект лічыць, што нельга спыняць намаганні па пасрэдніцтве, і таму Касцёл, духавенства, каталіцкія дабрачынныя ўстановы, нунцыі ніколі, нават падчас вайны, не пакідаюць краін свайго знаходжання, каб не перарываць зносін, каналаў узаемадзеяння.
Іерарх таксама бачыць прамыя наступствы канфлікту ў кароткатэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве. Сярод іх – павелічэнне колькасці бежанцаў, пазбаўленых практычна ўсяго неабходнага для жыцця, пашырэнне хвароб, голаду і беспрацоўя. У доўгатэрміновай перспектыве будзе існаваць велізарная праблема з аднаўленнем духу ўзаемнага даверу, супольнасці паміж народамі і рэлігіямі. Фундаментальнай праблемай для Еўропы таксама застанецца пераасэнсаванне сваёй будучыні. Добрага функцыянавання бюракратычных і адміністрацыйных структур недастаткова для паспяховай перспектывы.