Кардынал Курт Кох Кардынал Курт Кох 

Кардынал Кох: падтрымліваць вайну ва Украіне – не па-хрысціянску

Падзеі ва Украіне сур'ёзна ставяць пад сумнеў праваслаўную канцэпцыю царкоўна-дзяржаўнай сімфоніі, - адзначыў кардынал Курт Кох.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству прызнаў, што з прычыны вайны ва Украіне дыялог з Рускай Праваслаўнай Царквой апынуўся ў вельмі складанай сітуацыі. Паводле яго, гэты дыялог павінен працягвацца, каб нагадваць аб тым, што хрысціяне заўсёды павінны служыць міру, а не падтрымліваць вайну. У гэтым кантэксце важнай стала нядаўняя размова Папы з Патрыярхам Маскоўскім.

“Дыялог ні ў якім разе нельга перарываць, бо гэта адзіны спосаб выкласці ўласную пазіцыю. Францішак вельмі ясна даў зразумець падчас відэазванка, што ён удзячны за сустрэчу. Затым ён сказаў: мы не капеланы дзяржавы, а пастыры народа, і таму ў нас няма іншага паслання, акрамя як спыніць вайну. Гэта быў вельмі выразны пасыл. Але ці дайшоў ён да Патрыярха, сказаць не магу”, - падзяліўся кардынал Кох.

Іерарх лічыць, што настаў момант абмеркаваць з праваслаўнымі пытанне пра адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам. “У нас на гэты конт дзве абсалютна розныя канцэпцыі. На Захадзе мы вымушаны былі засвоіць, што правільныя адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай – гэта падзел, пры адначасовым партнёрстве абодвух суб’ектаў. Гэты падыход не ведаюць на Усходзе, у праваслаўі. Там гаворыцца пра царкоўна-дзяржаўную сімфонію. І гэта канцэпцыя ляжыць у аснове цяперашніх падзей”, - заўважыў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Ён лічыць, што вайна ва Украіне сур'ёзна ставіць пад сумнеў гэтую канцэпцыю.
 

02 мая 2022, 10:22