Пошук

Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 

Кардынал: Пантыфік у інваліднай калясцы – ўзор для пажылых

На прыклад, які дае пажылым людзям Францішак, асабліва ў апошнія дні, калі ён востра адчувае сваю абмежаванасць, звярнуў увагу прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Папа пагаджаецца на абмежаванні, якія спатыкаюць яго сёння, прымае іх шчодра і велікадушна. Ён з’яўляецца прыкладам для ўсіх нас, бо не варта хаваць, што з узростам нашы магчымасці актыўна ўдзельнічаць у жыцці сучаснага свету слабеюць”, - адзначыў кардынал Кэвін Фарэл.

На яго думку, Пантыфік, нягледзячы на фізічныя і ўзроставыя абмежаванні, не збіраецца спыняцца. Ён паказвае, што сутыкнуўшыся з рознымі абмежаваннямі ў старасці, чалавек павінен рухацца наперад і рабіць усё магчымае.

“Святы Айцец з’яўляецца выдатным узорам для ўсіх пажылых людзей. Тое, што ў гэтыя дні з-за калена ён перасоўваецца на інваліднай калясцы, не азначае адмовы ад паўсядзённых абавязкаў. Ён амаль кожны дзень мае аўдыенцыі, сустракаецца і размаўляе з людзьмі, як і месяц таму, калі інваліднай каляскі не было. Жыццё працягваецца. Вось што Францішак хоча сказаць усім пажылым людзям”, - заўважыў кардынал Фарэл падчас прэзентацыі паслання на ІІ Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей.

На мерапрыемстве, якое прайшло 10 мая 2022 года ў Ватыкане, ішла гаворка, у тым ліку, пра пажылых людзей ва Украіне, якія, нягледзячы на вайну, не змаглі эвакуіравацца. “Магу толькі паўтарыць за Папам: я пакутую і плачу, думаючы пра пакуты Украіны”, - сказаў прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
 

11 мая 2022, 10:59