Кардынал Паралін: ідэалогіі не дапамагаюць вырашаць канфлікты
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Дзяржсакратар Яго Святасці Папы прыняў удзел у канферэнцыі на тэму дыялога і агульнага дабра, арганізаванай пасольствам Марока пры Апостальскай Сталіцы і Суверэнным Вайсковым Мальтыйскім Ордэнам. Форум прайшоў 16 мая 2022 года ў Папскім універсітэце Урбаніянум.
Кардынал Паралін заўважыў, што адказам на вайну ва Украіне і пандэмію, павінна стаць “архітэктура” міра, у будаванні якой пакліканы браць удзел не толькі дзяржаўныя ці грамадскія структуры, але ўсе людзі.
“Наш свету прагне міру, гэтага нябачнага дабра, якое патрабуе высілкаў і пастаяннага ўкладу ўсіх”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што таксама і пандэмія вымагае “развіцця канкрэтных працэсаў на карысць міру, стаячы ў цэнтр кожнага дзеяння святую годнасць чалавека і павагу да агульнага дабра”.
Дзяржаўны сакратар нагадаў прамову Святога Айца, які, звяртаючыся да дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы, падкрэсліваў два ключавыя словы: дыялог і братэрства, важныя для пераадолення актуальнага крызісу, пазначанага “аглушальным шумам войнаў і канфліктаў”. “На працягу апошніх дзён папа Францішак шмат разоў заклікаў усіх членаў міжнароднай супольнасці ўзяць на сябе канкрэтныя абавязкі, каб пакласці канец гэтай жудаснай вайне”, - заўважыў кардынал Паралін.
Кардынал Паралін спаслаўся таксама на нядаўнюю кананізацыю святога Шарля дэ Фуко, прысутнасць якога ў Марока аказала вялікі ўплыў на Каталіцкі Касцёл ва ўсім рэгіёне Магрыб і дала жыццё шматлікім ініцыятывам у сферы дыялогу з іншымі рэлігіямі, асабліва з ісламам.
“Марока – краіна багатая прыгажосцю, якая заўсёды была месцам сустрэчы цывілізацый, пазначаным традыцыяй талерантнасці. Я лічу, што як вернікі, мы павінны з радасцю прызнаваць рэлігійныя каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць нас. Ідэалогіі і слоганы не дапамагаюць вырашаць праблемы нашага штодзённага жыцця і нашага грамадства. Толькі духоўныя і маральныя каштоўнасці могуць зрабіць гэта, дзякуючы Богу і Яго міласэрнасці”, - запэўніў бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка.