У Ватыкане будуць абноўлены казармы Швейцарскай гвардыі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Дакумент падпісалі кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін, старшыня Фонда П’ер Рот і віцэ-старшыня Штэфан Кун. На цырымоніі прысутнічаў пасол Швейцарскай Канфедэрацыі пры Святым Пасадзе.
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што “хоць пратакол не з’яўляецца юрыдычна абавязваючым дакументам, ён сведчыць пра супольную волю бакоў працаваць у адпаведнасці з ватыканскім і міжнародным правам над забеспячэннем лепшых і экалагічна чыстых жылых умоў для гвардзейцаў, іх сем’яў і тых, хто дапамагае ім рознымі спосабамі”.
Казармы Папскай швейцарскай гвардыі ў Ватыкане будаваліся падчас пантыфікатаў Пія ІХ і Пія ХІ і з’яўляюцца аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Працы па іх рэканструкцыі распачнуцца па завяршэнні Юбілею 2025 года пры ўмове, што будзе забяспеча фінансаванне канчатковага праекту і атрыманы неабходныя дазволы.
Мемарандум аб узаемаразуменні быў падпісаны напярэдадні ўрачыстай прысягі рэкрутаў Швейцарскай гвардыі, якая традыцыйна адбываецца ў Ватыкане 6 мая. Сёлета яе складуць 36 гвардзейцаў.