У Ватыкане сабраліся барацьбіты з гандлем людзьмі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Міжнародная канферэнцыя праходзіць без удзелу СМІ ў сувязі з канфідэнцыяльнымі аспектамі супрацоўніцтва з ахвярамі гандлю людзьмі і барацьбы з гэтым феноменам. Яе тэма: Ініцыятывы па спыненні сучаснага рабства – ад намеру да дзеяння.
У Ватыкан прыехалі каля 60 біскупаў, духавенства, якое займаецца аказаннем дапамогі ахвярам сучаснага рабства, а таксама прадстаўнікі службаў і арганізацый, што прадухіляюць гэтую практыку і яе наступствы.
Santa Marta Group была створана ў 2014 годзе па ініцыятыве Прымаса Англіі, кардынала Вінцэнта Нікалса і з натхнення папы Францішка, які неаднаразова называў гандаль людзьмі злачынствам супраць чалавечнасці і ранай на целе Хрыста. Мэта арганізацыі – падтрымка сумеснай дзейнасці і абмену вопытам паміж прадстаўнікамі Касцёла, арганізацыямі дапамогі і спецслужбамі, якія займаюцца як супрацьдзеяннем заганнай практыцы, так і аказаннем дапамогі яе ахвярам, якіх па ўсім свеце налічваецца толькі па афіцыйных даных каля 40 мільёнаў.