Зала абслугоўвання кліентаў Інстытута рэлігійных спраў Зала абслугоўвання кліентаў Інстытута рэлігійных спраў  

Інстытуту рэлігійных спраў - Ватыканскаму банку – 80 гадоў

27 чэрвеня 2022 года Інстытуту рэлігійных спраў - Ватыканскаму банку спаўняецца 80 гадоў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Заснаваў сённяшні Istituto per le Opere di Religione (IOR) 27 чэрвеня 1942 года Пій XII. Структура павінна была абслугоўваць патрэбы касцёльных юрыдычных і фізічных асоб, а таксама фінансаваць дзейнасці Святога Пасаду, падтрымліваць дыяцэзіі, манаскія кангрэгацыі і дабрачынныя праекты ва ўсім свеце.

Нягледзячы на тое, што першапачаткова дэпазіты былі невялікімі, актывы фізічных і юрыдычных асоб хутка раслі, а разам з імі і спекуляцыі аб дзейнасці Інстытута.

Жан-Батыст Дувіль дэ Франсю, старшыня Наглядальнай рады фінансавай установы з 2014 года, лічыць, што яна сёння знаходзіцца на правільным шляху. “Былога IOR больш не існуе”, - сказаў ён, маючы на ўвазе ранейшую сумнеўную рэпутацыю Інстытута. Такім чынам, даручаная Папам місія была выканана. Цяпер справа ў тым, каб умацаваць гэтую пазіцыю.

У чэрвені 2022 года Францішак абвясціў склад Камітэта па інвестыцыях, стварэнне якога прадугледжвае 227 пункт новай апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі Praedicate Evangelium. Гэты орган узначаліў кардынал Кэвін Джозэф Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Камітэт павінен сачыць за тым, каб інвестыцыі Святога Пасаду ў рухомы капітал адпавядалі сацыяльнаму вучэнню Касцёла.

У 2020 годзе Інстытут рэлігійных спраў кіраваў дэпазітамі на агульную суму 5 мільярдаў еўра, у тым ліку сродкамі ад кліентаў, якія не звязаны з Ватыканам, на суму 3,3 мільярда еўра. У 2020 годзе ён атрымаў чысты прыбытак у памеры 36,4 мільёнаў еўра, з якіх 75% можна было выкарыстаць на мэты Святога Пасаду. Згодна з балансам, уласны капітал Інстытута складае каля 600 мільёнаў еўра.
 

21 чэрвеня 2022, 11:21