Міністр па справах рэлігій Інданезіі Якут Чоліл Куомас падчас размовы з Францішкам Міністр па справах рэлігій Інданезіі Якут Чоліл Куомас падчас размовы з Францішкам 

Пантыфіка запрасілі ў Інданезію на саміт рэлігійных лідараў

Міністр па справах рэлігій Інданезіі Якут Чоліл Куомас перадаў Францішку афіцыйнае запрашэнне на саміт рэлігійных лідараў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кароткая сустрэча адбылася 8 чэрвеня 2022 года пасля агульнай аўдыенцыі на плошчы святога Пятра. Міністра суправаджаў Кіаі Хадж Ях'я Стакуф, кіраўнік самай буйной інданезійскай арганізацыі памяркоўных мусульман Нахдлатул Улама.

Куомас патлумачыў, што запрашэнне датычыць удзелу Папы ў міжнароднай міжрэлігійнай канферэнцыі Religion-20. Інданезія арганізуе яе ў якасці старшыні групы G20, якая аб'ядноўвае 20 найбольш развітых эканомік свету.

Францішак павінен быў наведаць Інданезію ў верасні 2020 года ў рамках запланаванай паездкі ў Паўднёва-Усходнюю Азію і Акіянію. Аднак з прычыны пандэміі яе адмянілі.

Да гэтага часу візіты ў краіну здзейснілі два Пантыфікі: Павел VI у 1970 годзе быў у Джакарце, а Ян Павел ІІ у 1989 годзе наведаў Джакарту, Джок’якарту, востраў Флорэс, а таксама Усходні Тымор, які атрымаў незалежнасць у 2002 годзе.

Міністр Куомас, які ўжо сустракаўся з Францішкам у 2019 годзе, паведаміў, што тэмай яго кароткай размовы з Папам было “падтрыманне талерантнасці і міру паміж шасцю асноўнымі рэлігіямі і іншымі мясцовымі рэлігіямі, што замацавана ў канстытуцыі Інданезіі”. Ён таксама перадаў Святому Айцу прывітанне ад мясцовых католікаў і іх біскупаў, якія “з нецярпеннем чакаюць асабістай сустрэчы” з ім і моляцца за яго здароўе.
 

11 чэрвеня 2022, 11:55