Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Паралін: вайна стварае пагрозу голаду для тысяч людзей

Канфлікт ва Украіне, як і іншыя канфлікты, паказвае нам, што вайна абцяжарвае трагедыю голаду і прыводзіць да эканамічнай адсталасці, - заўважыў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы прыняў удзел у буйным італьянскім форуме Coopera – ІІ Нацыянальнай канферэнцыі па супрацоўніцтве і развіцці, якая 23-24 ліпеня 2022 года прайшла ў Рыме. Ён звярнуўся з прамовай да ўдзельнікаў форума адразу пасля Прэзідэнта Італіі Сэрджа Матарэлы, падкрэсліваючы драматычныя наступствы вайны ва Усходняй Еўропе для ўсяго свету і папярэджваючы, што харчовы крызіс стварае пагрозу голада для тысяч людзей.

“Неадкладнае рашэнне – гэта толькі дыпламатычнае рашэнне”, - сказаў іерарх на палях канферэнцыі, а таксама заклікаючы як мага хутчэй разблакаваць экспарт украінскага збожжа і размеркаваць яго сярод народаў, якія найбольш яго патрабуюць. “Неабходна па-сапраўднаму вялікая палітычная воля з боку ўсіх, а ў першую чаргу, я б сказаў, што важна не злучаць паміж сабой розныя рэчы, гэта значыць не выкарыстоўваць збожжа як палітычную і ваенную зброю”, - дадаў кардынал Паралін.

Дзяржсакратар адказаў на пытанне журналістаў пра пастаўкі ўзбраенняў Украіне, якія абмяркоўваюцца ў італьянскім парламенце. “Безумоўна, з дапамогай зброі нельга пабудаваць мір. Тым не менш, гэта пытанне, як я заўсёды паўтараў, павінна разглядацца ў кантэксце права на абарону і ўмоў, пры якіх гэта права можа рэалізавацца”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Кардынал заўважыў, што Касцёл не павінен уцягвацца ў палітычныя спрэчкі, падтрымліваць нейкую партыю ці займаць пэўны бок, але, у той жа час, ён мае права і нават абавязак выказвацца адносна фундаментальных пытанняў, якія тычацца чалавека, яго годнасці, аховы яго правоў, яго антрапалагічнай абароны.

На думку іерарха, неабходна, каб у свеце ўсталявалася атмасфера прыналежнасці да адзінай чалавечай сям’і. Спасылаючыся на словы Папы аб будучыні свету, ён заклікаў будаваць яе, ідучы шляхам клопату пра людзей, мір, планету, дабрабыт і партнёрства.
 

24 чэрвеня 2022, 10:52