Першая паласа першага нумара L’Osservatore di strada Першая паласа першага нумара L’Osservatore di strada  

У Ватыкане будуць выдаваць “вулічную газету”

Дыкастэрыя па камунікацыі рыхтуецца да выдання L’Osservatore di strada, якая будзе мець фармат “вулічнай газеты”. Пра гэта заявілі ў Святым Пасадзе 24 чэрвеня 2022 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Мяркуецца, што газета, якая будзе з’яўляцца ў першую нядзелю кожнага месяца як у электронным, так і ў друкаваным фарматах, стане голасам тых, хто звычайна не мае магчымасці выказацца. Папяровую версію плануецца раздаваць бясплатна на плошчы святога Пятра пасля малітвы Анёл Панскі. Упершыню гэта адбудзецца 29 чэрвеня 2022 года, ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла.

Спецвыданне L’Osservatore Romano хочуць рыхтаваць разам з беднымі. Яно дасць магчымасць рэалізавацца тым, хто мае талент пісаць ці маляваць, хто хоча распавесці гісторыю або выказаць сваё меркаванне.

У выданні “вулічнай газеты” таксама прымуць удзел прадстаўнікі свету культуры: пісьменнікі, журналісты, акцёры і музыканты. У падрыхтоўцы першага выпуску паўдзельнічаў вулічны мастак Maupal, вядомы сваімі мураламі з выявамі папы Францішка. У яго ўвайшлі, між іншым, матэрыял, прысвечаны рымскаму бяздомнаму Мімо, артыкулы пра мігрантаў і валанцёрства, а таксама кароткія апавяданні.

Як заявілі выдаўцы, L'Osservatore di strada, хоць і звязана з патрабуючымі, не будзе газетай бедных для бедных. Яна цалкам фінансуецца за кошт ахвяраванняў. Таму рэдакцыя запрашае ўсіх ахвотных зрабіць свой унёсак у падтрымку новай ініцыятывы.

Нагадаем, L'Osservatore Romano ўжо мае штомесячны дадатак. Ён прысвечаны жанчынам і выходзіць пад назвай: Жанчыны - Касцёл - свет.
 

27 чэрвеня 2022, 12:41