Святы Пасад: прызначаны склад Камітэта па інвестыцыях
Камітэт па інвестыцыях, стварэнне якога прадугледжвае 227 артыкул новай Апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium, узначаліць кардынал Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Як паведаміла Зала Друку Святога Пасаду, Пантыфік прызначыў поўны склад новага Камітэта. У яго ўвайшлі фінансавыя эксперты з Еўропы і Злучаных Штатаў: Жан П'ер Кейсі, заснавальнік і генеральны дырэктар RegHedge з Вялікабрытаніі; Джон Крысціян Міхаэль Гэй, кіруючы дырэктар Union Investment Privatfonds GmbH з Германіі; Дэвід Харыс, менеджэр Skagen Funds з Нарвегіі; Джон Дж. Зона, дырэктар па інвестыцыях Бостанскага каледжа з ЗША.
Камітэт па інвестыцыях уваходзіць у эканамічны блок Рымскай курыі, які складаецца таксама з Рады па эканамічных пытаннях, Сакратарыята па эканамічных пытаннях, Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, Упраўлення генеральнага аўдытара і Камісіі па справах сакрэтнага характару.
08 чэрвеня 2022, 11:45