Францішак падчас святой Імшы Францішак падчас святой Імшы  Калонка рэдактара

Эксперт: Папа хоча, каб мы зноў захапіліся літургіяй

У цэнтры новага апостальскага ліста Папы – жаданне, каб увесь народ Божы, пачынаючы з цэлебрантаў, нанава адкрыў прыгажосць літургіі, - напісаў Андрэа Тарніелі, каментуючы дакумент Desiderio desideravi.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як адзначыў праграмны дырэктар СМІ Святога Пасаду, Францішак выказваў жаданне публікацыі такога роду дакумента яшчэ ў 2005 годзе, калі – яшчэ як арцыбіскуп Буэнас-Айрэса – казаў падчас пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі Божага культу аб патрэбе “вяртання захаплення таямніцай”. Кардынал Берголіа заахвоціў тады да публікацыі дакумента, які не стаў бы ні юрыдычным, ні дысцыплінарным трактатам, ні наборам норм і правіл, ні спісам літургічных злоўжыванняў. Паводле яго, існавала патрэба ў тэксце, вытрыманым у “душпастырскім і духоўным, нават медытатыўным тоне”.

У Desiderio desideravi гэтае жаданне пэўным чынам рэалізуецца. Тут Пантыфік суправаджае нас на шляху, што вядзе да сэрца літургічнай цэлебрацыі, якая адначасова з'яўляецца “вяршыняй, да якой імкнецца дзеянне Касцёла” і “крыніцай, з якой выцякае ўся яго энергія”, - патлумачыў Тарніелі, адзначаючы, што ў новым папскім дакуменце неаднаразова цытуецца Рамана Гуардзіні, тэолаг-літургіст і кандыдат да кананізацыі.

“Кожны абзац новага дакумента Францішка прасякнуты ўсведамленнем таго, што літургія – гэта вызваленне месца для Іншага”, - заўважыў ватыканіст.

Спасылаючыся на перакананне Святога Айца, што ўдзел у літургіі – гэта самая дасканалая сустрэча з Езусам, Тарніелі нагадвае яго перасцярогі, каб у ёй не перамагаў “нарцысічны протаганізм цэлебранта, відовішчнасць, суровая скаванасць або неахайнасць і трывіялізацыя”.

Літургія, якая з'яўляецца “крыніцай і вяршыняй”, не можа стаць полем бітвы, дзе спрабуюць навязаць візію Касцёла, якая не ўключае таго, што было сінадальна ўзгоднена Другім Ватыканскім Саборам, - напісаў ватыканскі эксперт, каментуючы новы апостальскі ліст Францішка, прысвечаны літургіі.
 

30 чэрвеня 2022, 12:04