У Ватыкане адменены некаторыя антыкавідныя абмежаванні
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Дакумент, датаваны 1 чэрвеня 2022 года, будзе дзейнічаць да 30 верасня, калі не зменяцца абставіны. Згодна з новымі правіламі, для ўваходу ў будынкі дыкастэрый і ўстаноў Рымскай курыі, а таксама структур, звязаных з Апостальскай Сталіцай, больш не патрэбны сертыфікат, які сведчыць пра тое, што яго ўладальнік прайшоў поўны курс вакцынацыі або нядаўна перахварэў каронавірусам, так званы “умацаваны Green Pass”.
Абавязак наяўнасці такога пропуска цяпер тычыцца выключна персаналу ватыканскай службы аховы здароўя, структур грамадзянскай абароны і корпуса Швейцарскай гвардыі.
Новыя нормы “настойліва рэкамендуюць” выкарыстоўваць медыцынскую маску ў памяшканнях і ў выпадку вялікага збору людзей, а таксама абавязваюць захоўваць медыцынскія прадпісанні, якія тычацца дэзынфекцыі рук, частага праветрывання памяшканняў і іх перыядычнай санітарнай апрацоўкі. Адзначаецца, што дзеля аховы здароўя персаналу і бяспекі працоўных месцаў могуць уводзіцца часовыя абмежаванні.
Невакцынаваныя работнікі Рымскай курыі і структур, звязаных з Апостальскай Сталіцы, якія мелі непасрэдны кантакт з чалавекам, пазітыўным на COVID-19, могуць вярнуцца да працоўнае месца толькі пасля дзесяцідзённага перыяду самаізаляцыі і негатыўнага выніку экспрэс-тэсту на выяўленне антыгена COVID-19. Вакцынаваныя супрацоўнікі, у сваю чаргу, могуць знаходзіцца на працоўным месцы, захоўваючы меры асцярожнасці і выкарыстоўваючы маску стандарта FFP2 ва ўсіх закрытых памяшканнях.