Урсула фон дэр Ляен на экалагічным форуме ў Ватыкане
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Урсула фон дэр Ляен прыняла ўдзел у канферэнцыі “Рэканструкцыя будучыні для людзей і планеты”, арганізаванай Папскай акадэміяй навук і Bauhaus Earth – нямецкай арганізацыяй, якая прасоўвае экалагічны падыход у гарадскім будаўніцтве. У форуме бралі ўдзел сусветна вядомыя навукоўцы, архітэктары, урбаністы, эколагі і палітыкі.
Старшыня Еўракамісіі падзялілася радасцю ад магчымасці выступіць у Папскай акадэміі навук – месцы, дзе “навука і прагрэс сустракаюцца з глыбокай пашанай да каштоўнасцей”. Яна звярнула ўвагу на неабходнасць “пошуку рашэнняў, натхнёных кліматычнымі зменамі”, а таксама “палепшыць жыццё людзей праз тое, як праектуем і будуем нашы дамы і гарады”
“Сёння мы заўважаем, напрыклад, бескантрольны і празмерны рост многіх гарадоў, у якіх жыццё стала нездаровым не толькі з прычыны забруджвання таксічнымі выкідамі, але і з прычыны гарадскога хаосу, транспартных праблем, а таксама візуальнага і шумавога ўздзеяння. (...) Гэта няправільна, што жыхары нашай планеты жывуць, усё больш прыгнечаныя бетонам, асфальтам, шклом і металам, пазбаўленыя фізічнага кантакту з прыродай”, - сказала яна, цытуючы словы з энцыклікі Laudato si’ папы Францішка.
Урсула фон дэр Ляен указала на тры фундаментальныя прынцыпы: устойлівасць, прыгажосць і ўдзел усіх. У сваю чаршу ўстойлівасць прадугледжвае адказнасць кожнага чалавека за захаванне стварэння, клопат пра яго і перадачу будучым пакаленням, - дадала яна.
“На працягу доўгага часу чалавецтва забывала пра гэту адказнасць. Пакаленне за пакаленнем яно эксплуатавала прыроду нават за межамі нашай планеты. Мы бралі, забруджвалі, знішчалі. Гэтаму трэба пакласці канец”, - сказала еўрапейскі лідар, адзначаючы патрэбу ў “новай мадэлі вытворчасці, спажывальніцтва, будавання, развіцця і стварэння перспектывы”, якая будзе “вяртаць да прыроды, а не пазбаўляць яе”.
Урсула фон дэр Ляен нагадала пра імкненне ЕС да 2050 года стаць першым кантынентам, які не будзе аказваць негатыўнага ўплыву на змену клімата. Гэтаму павінна садзейнічаць развіццё ўстойлівай эканомікі, абмежаванне шкодных выкідаў у атмасферу, выкарыстанне натуральных матэрыялаў у будаўніцтве. Рэалізаваць план магчыма, але патрэбны ўдзел усіх, - падкрэсліла старшыня Еўрапейскай камісіі.
Палітык заўважыла таксама, што ЕС плануе фінансава дапамагчы Украіне ў адбудове краіны і зробіць гэта, раячы крытэрыі экалагічнай устойлівасці. “Мы пачнем адбудову Украіны і не толькі ў інтарэсах Еўропы – гэта наш маральны абавязак”, - сказала Урсула фон дэр Ляен.