Кардынал Анджэла Садана Кардынал Анджэла Садана 

Ватыканіст: смерць кардынала Садана завяршыла пэўную эпоху

Са смерцю кардынала Анджэла Садана завяршылася эра вялікіх ватыканскіх дыпламатаў, якія кіравалі Касцёлам. Такое меркаванне выказаў італьянскі ватыканіст Андрэа Гальярдучы.

Ян Глінскі - Vatican News

Як адзначыў журналіст, у большасці ацэнак, якія даюцца кардыналу Садана, падкрэсліваецца яго ўлада і ўплыў, аднак рэдка звяртаецца ўвага на яго чалавечыя якасці. Гальярдучы прывёў словы кардынала Джавані Батыста Рэ, дэкана Калегіі Кардыналаў, прамоўленыя ім 31 мая падчас пахавальнай цырымоніі ў базыліцы Святога Пятра: “Многія з нас маглі зблізку ацаніць высокае пачуццё адказнасці кардынала Садана, дары інтэлекту і сэрца, уражлівасць да душпастырскай дзейнасці Касцёла ў свеце, мудрасць у ацэнцы падзей і сітуацый, гатоўнасць прыйсці з дапамогай, пошук адпаведных рашэнняў у кожным выпадку”.

Гальярдучы назваў іроніяй лёсу тое, што кардынал Садана памёр перад абвяшчэннем чарговага кансісторыя папы Францішка і ўвядзеннем у жыццё новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі. “Быццам яго смерць настала да таго як свет Ватыкану змяніўся канчаткова”, - сцвердзіў ватыканіст.

Як адзначыў Гальярдучы, кардынал Садана адыграў выключную ролю ў служэнні Касцёлу. Ён, між іншым, прыгадаў служэнне спачылага іерарха нунцыем у Чылі (1977-1988), дзе той адзначыўся ў барацьбе з тэалогіяй вызвалення, а таксама быў абвінавачаны ў празмернай асцярожнасці да рэжыму Піначэта.

Ватыканіст прыгадаў, што Ян Павел ІІ прызначыў арцыбіскупа Анджэла Садана Дзяржсакратаром ў той час, калі адбылося падзенне Берлінскага муру, а Касцёл набыў значэнне на міжнароднай арэне. Ён падкрэсліў, што гэта быў добры перыяд, калі сетка дыпламатаў набывала ўсё большае значэнне, чаму спрыялі таксама шматлікія новыя дыпламатычныя сувязі, якія ствараліся з новымі незалежнымі краінамі былога Савецкага Саюза.

“Верагодна, кардынал Садана быў найбольш уплывовай асобай Ватыкана. Разам з яго смерцю закрываецца пэўная эпоха. Магчыма, гэта толькі знак прыпынку ў гісторыі Касцёла, але ён мае пэўную вагу. А ад 8 чэрвеня разам з рэформай Рымскай курыі можа змяніцца профіль тых, хто ў будучыні будзе прызначаны на пасады з вялікай адказнасцю ў Ватыкане”, – сцвердзіў Андрэа Гальярдучы.

Кардынал Садана памёр 27 мая 2022 года. Іерарх у 1999-2006 гадах з’яўляўся Дзяржсакратаром Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI.
 

03 чэрвеня 2022, 09:54