Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржасакратар распачаў візіт у Афрыку

Кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы, распачаў візіт у Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан. Ён будзе працягвацца з 1 па 8 ліпеня 2022 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Гэта вельмі важнае падарожжа, я адчуваю вялікі гонар за тое, што магу накіравацца як у Дэмакратычную Рэспубліку Конга, так і ў Паўднёвы Судан, і прынесці народам гэтым краін любоў Папы, а таксама запэўніць іх у тым, што як толькі дазволяць абставіны, асабліва з пункту гледжання здароўя, ён сам здзейсніць гэта падарожжа”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца перад вылетам з Міжнароднага аэрапорта Шарля дэ Голя ў Парыжы ў кірунку Кіншасы, сталіцы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, якая стане першым этапам яго пілігрымкі.

Іерарх распавёў, што галоўнымі момантамі яго візіту стануць святыя Імшы, якія ён будзе цэлебраваць з мясцовымі каталіцкімі супольнасцямі. 3 ліпеня ён узначаліць Эўхарыстыю ў Кіншасе, а 7 ліпеня – у Джубе, сталіцы Паўднёвага Судана.

Кардынал Паралін заўважыў, што яго падарожжа будзе галоўным чынам пастырскім, хоць і прадугледжвае сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў і падпісанне дыпламатычнай дамовы. Праграма пілігрымкі ўключае ў сябе таксама наведванне лагера для бежанцаў і цэнтра для дзяцей-інвалідаў, сустрэчы з мясцовым духавенствам, кансэкраванымі асобамі, супрацоўнікамі ААН, благаслаўленне вуглавога камня для будучай нунцыятуры ў Джубе і сустрэчу з выкладчыкамі і студэнтамі каталіцкага ўніверсітэта ў сталіцы Паўднёвага Судана.
 

01 ліпеня 2022, 13:30