Кардынал Гішот: адсутнасць сэнсу жыцця – глеба для экстрэмізму
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў Міжнароднай міністэрскай канферэнцыі аб свабодзе рэлігіі і перакананняў (FoRB), якая 5-6 ліпеня 2022 года праходзіць у Лондане. Форум адбываецца пад патранажам ураду Вялікабрытаніі пры ўдзеле шматлікіх рэлігійных лідараў. Апостальскую Сталіцу на ім прадстаўляе падсакратар Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, айцец Батаірва Кубуя.
“Практыкаванне рэлігіі па сваёй сутнасці найперш складаецца з унутраных добраахвотных і свабодных актаў, праз якія чалавек непасрэдна скіроўваецца да Бога, а такія акты ніякая чалавечая ўлада не можа прадпісваць ці забараняць”, - нагадаў кардынал Гішот словы Дэкларацыі пра рэлігійную свабоду Dignitatis Humanae, прынятую на Другім Ватыканскім Саборы.
Прэфект падкрэсліў, што людзям нельга забараняць выражаць сваю веру, пакуль гэтыя выразы паважаюць агульнае дабро. Экстрэмізм і фундаменталізм знаходзяць урадлівую глебу не толькі ў інструменталізацыі рэлігіі, але таксама ў адсутнасці ідэалаў і згубе тоеснасці: гэта феномены, якія моцна ўдараюць па шматлікіх грамадствах, у першую чаргу па “развітых”. Адсутнасць сэнсу жыцця з лёгкасцю выклікае страх, які прыводзіць да бачання ў іншым пагрозы ці ворага, - зазначыў іерарх.
Кардынал Гішот нагадаў, што Папа указвае на братэрства, як на шлях, якім неабходна ісці ў наш час. Дакумент аб усеагульным братэрстве і мірным суіснаванні і энцыкліка Fratelli tutti з’яўляюцца вельмі важнымі для таго, каб бачыць чалавецтва як адзіную сям’ю, а ўсіх людзей – як братоў і сясцёр, - дадаў прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу.
Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што ў энцыкліцы Fratelli tutti ёсць асобны раздзел, прысвечаны рэлігіі на службе братэрству ў свеце. “Розныя рэлігіі, паважаючы каштоўнасць кожнай чалавечай асобы як стварэння, пакліканага быць Божым дзіцём, уносяць значны ўклад у пабудову братэрства і абарону справядлівасці ў грамадстве. Дыялог паміж вызнаўцамі розных рэлігій адбываецца не толькі дзеля дыпламатыі, ветлівасці ці талерантнасці. Паводле навучання біскупаў Індыі, “мэта дыялогу – усталяванне сяброўства, міру і згоды, а таксама абмен духоўнымі і маральнымі каштоўнасцямі і досведам у духу праўды і любові”, - нагадаў словы Папы кардынал Гішот, дадаючы, што таксама і дыялог паміж дзяржавамі і іх структурамі можам весці да большага ўзаемнага разумення, супрацоўніцтва на карысць міру і сапраўднага развіцця.