Кардынал Сара: Касцёл павінен адказаць на пошук людзьмі Бога
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Падарокс нашага часу” заключаецца ў тым, што расце колькасць тых, хто шукае Бога, але ў публічных дэбатах і на палітычнай арэне Яго ўсё больш і больш ігнаруюць. “Прыйшоў час, каб Касцёл вярнуўся да таго, чаго ад яго чакаюць: каб казаў пра Бога, душу, жыццё ў іншым свеце, смерць, а ў першую чаргу пра вечнае жыццё”, - перакананы 77-гадовы іерарх.
Людзі, якія адмаўляюць духоўнае жыццё, таксама адмаўляюць тое, што надае годнасць мужчынам і жанчынам, - дадаў кардынал Сара, нагадваючы, што менавіта духоўнасць з’яўляецца той часткай жыцця чалавека, якая робіць яго вялікім і стаіць па-над законамі рынку і матэрыі.
Іерарх крытычна паставіўся да таго факту, што “мы занадта шмат часу трацім на размовы пра структуры Касцёла”. “Гэта нікога не цікавіць!”, - падкрэсліў ён, дадаючы, што “сапраўднае значэнне мае наша вечнае жыццё, наша сяброўствам з Богам”. “Касцёл існуе для таго, каб мы станавіліся святымі. Астатняе – другаснае!”, - сказаў былы прэфект Кангрэгацыі па справах Божага культу і Дысцыпліны сакрамэнтаў.
Кардынал Рабэр Сара адзначыў, што людзі хочуць сустракацца са святаром, каб знайсці Бога, а “не для таго, каб ратаваць планету”. Ён спаслаўся на словы Францішка пра тое, што Касцёл – гэта не “няўрадавая арганізацыя”. “На наступны дзень пасля свайго абрання Святы Айцец сказаў, што калі Касцёл перастане шукаць Бога праз малітву, ён рызыкуе здрадзіць”. Бога мы сустракаем перш за ўсё ў такіх сакрамэнтах як хрост ці споведзь, прыводзіць словы былога курыяльнага іерарх інфармацыйнае агенцтва KAI.