Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа прызначыў падсакратара Дыкастэрыі веравучэння

Святы Айцец прызначыў падсакратара Дыкастэрыі веравучэння. Ім стаў 54-гадовы французскі святар, мансеньёр Філіп Курбэлье, дагэтуль кіраўнік аддзела ў Дыкастэрыі па культуры і адукацыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Мансеньёр Курбэлье нарадзіўся ў 1968 годзе ў горадзе Нёі-сюр-Сен на поўначы Францыі. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 1995 годзе. У Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме атрымаў ступень ліцэнцыяту ў філасофіі і дактарату ў дагматычнай тэалогіі.

Займаў розныя пасады ў роднай Тулузскай архідыяцэзіі: парафіяльнага вікарыя, духоўнага кіраўніка ў некалькіх семінарыях, прафесара дагматычнай тэалогіі ў Тулузскім каталіцкім інстытуце, дзе быў таксама дэканам тэалагічнага факультэта. Уваходзіў у склад кіраўнічай рады Агенцтва Апостальскай Сталіцы па ацэнцы і прасоўванні якасці касцёльных універсітэтаў і факультэтаў. З 2012 года – супрацоўнік Дыкастэрыі па культуры і адукацыі, а з 2014 года – кіраўнік аднаго з аддзелаў у гэтай ватыканскай структуры.

У красавіку 2022 года Святы Айцец прызначыў на пасаду сакратара Дактрынальнай секцыі Дыкастэрыі веравучэння італьянскага святара, ксяндза Арманда Матэа, а на пасаду сакратара Дысцыплінарнай секцыі – ірландца, ксяндза Джона Джозэфа Кэнэдзі. З 2017 года прэфектам Дыкастэрыі веравучэння з'яўляецца іспанскі кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр.

 

06 ліпеня 2022, 12:47