Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад прадаў скандальную нерухомасць у Лондане

Адміністрацыя маёмасці Святога Пасаду (APSA) завяршыла продаж будынка па адрасе Sloane Avenue, 60 у Лондане. Нерухомасць набыла кампанія Bain Capital за 186 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сакратарыят па эканамічных пытаннях сачыў за ўсёй працэдурай на розных яе этапах, - паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

Страты, панесеныя ў сувязі з набыццём будынка, узяў на сябе рэзервовы фонд Дзяржсакратарыята. Для гэтага не выкарыстоўваліся сродкі, атрыманыя з ахвяраванняў вернікаў.

Каб забяспечыць празрыстасць і незалежнасць працэсу ацэнкі, Святы Пасад звярнуўся па дапамогу да брокерскай кампаніі Savills, абранай у канцы тэндэра, распачатага ў студзені 2021 года пад наглядам кансультантаў па нерухомасці.

Набыццё Святым Пасадам будынка па адрасе Sloan Avenue ў лонданскім Чэлсі стала адной з самых рэпутацыйна цяжкіх для фінансаў Святога Пасаду гісторый. Дзяржаўны Сакратарыят уклаў каля 350 мільёнаў еўра, большасць з якіх складалі ахвяраванні вернікаў, у нерухомасць, якую папярэдні ўладальнік набыў усяго за 129 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.

Скандал выявіў некампетэнтнасць прэлатаў у кіраванні фінансамі Святога Пасаду. Ватыканскія пракуроры абвінаваціла асоб, адказных за здзелку, у махлярстве, а затым у вымагальніцтве. Працэс па гэтай справе працягваецца ў Трыбунале Дзяржавы Ватыкан.
 

02 ліпеня 2022, 11:01