Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане зацверджана адзіная інвестыцыйная палітыка

З 1 верасня 2022 года ўсе фінансавыя інвестыцыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан будуць ажыццяўляцца згодна з адзінымі крытэрыямі і праз Адміністрацыю маёмасці Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

19 ліпеня 2022 года Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла пра рашэнне Сакратарыяту па эканамічных пытаннях аб увядзенні ў жыццё ўнітарнай палітыкі фінансавых інвестыцый Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан, якая будзе праводзіцца на падставе спецыяльнага дакумента пад назвай “Інвестыцыйная палітыка”.

Дакумент, які члены Рады па эканамічных пытаннях абмеркавалі са спецыялістамі фінансавага сектару, айцец Хуан Антоніа Герэра Альвес, прэфект Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, разаслаў кіраўнікам усіх дыкастэрый Рымскай курыі і структур, звязаных са Святым Пасадам.

Новая палітыка накіравана на тое, каб інвестыцыі садзейнічалі больш справядліваму міру, прыдатнаму для жыцця; яны павінны абараняць рэальную каштоўнасць маёмасці Святога Пасаду, дазваляючы ў той жа час атрымлівась прыбытак, дастатковы для ўстойлівага фінансавання яго дзейнасці.

Акрамя таго, інвестыцыйная палітыка павінна знаходзіцца ў паслядоўнасці з вучэннем Каталіцкага Касцёла, у сувязі з чым з інвестыцыйных праектаў будзе выключана ўсё, што супярэчыць яго асноўным прынцыпам, такім як недатыкальнасць чалавечага жыцця, годнасць асобы, агульнае дабро.

Паведамляецца, што інвестыцыі будуць накіраваны на прадуктыўную фінансавую дзейнасць, а не на спекуляцыю, а сектар для капіталаўкладанняў будзе выбірацца згодна з крытэрыямі этычнага і культурнага характару.

“Інвестыцыйная палітыка” зацверджана на выпрабавальны пяцігадовы тэрмін і ўвойдзе ў сілу 1 верасня 2022 года. Згодна з дакументам, структуры Рымскай курыі павінны даручыць свае інвестыцыі Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, перадаўшы ёй свае актывы, прызначаныя на інвеставання, або каштоўныя паперы, што захоўваюцца ў Інстытуце рэлігійных спраў ці замежных банках.

Адміністрацыя маёмасці створыць адзіны інвестыцыйны фонд Святога Пасаду. Для ажыццяўлення гэтай рэформы, у адпаведнасці з Апостальскай канстытуцыяй Praedicate Evangelium, заснаваны Камітэт па інвестыцыях, які будзе ацэньваць мэтазгоднасць інвестыцыйных праектаў розных ватыканскіх структур, з асаблівай увагай да іх адпаведнасці прынцыпам сацыяльнага вучэння Касцёла, параметрам прыбытковасці і рызыкаў.
 

20 ліпеня 2022, 08:52