Кардынал Артур Рошэ Кардынал Артур Рошэ  

Кардынал: супраціў літургічнай рэформе – не каталіцкая пазіцыя

Прэфект Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў заявіў, што асобы, якія ўпарта выступаюць супраць літургічнай рэформы ІІ Ватыканскага Сабору, рызыкуюць прыняць пазіцыю, якая не з'яўляецца каталіцкай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

72-гадовы кардынал Артур Рошэ падкрэсліў, што Сабор з’яўляецца “найвышэйшым законам, які існуе ў Касцёле”, і калі хтосьці з ім не згодны, ён ставіць сябе на ўзбочыну Касцёла.

У інтэрв’ю брытанскаму штотыднёвіку The Tablet і амерыканскаму National Catholic Reporter іерарх адзначыў, што тыя, хто не жадае ўводзіць гэтую рэформу ці “ўпарта выступае супраць таго, што фактычна пастанавіў Касцёл”, павінны задаць сабе пытанне: “Ці я сапраўды католік ці хутчэй пратэстант?”.

Ён таксама спаслаўся на словы амерыканскага акцёра Шаі ЛаБафа, які нядаўна перайшоў у каталіцызм, у тым ліку дзякуючы перадсаборнай літургіі, з якой пазнаёміўся падчас здымак фільма пра святога Падрэ Піо. Кардынал Рошэ адказаў, што кожная Імша, не толькі ў перадсаборным абрадзе, павінна цэлебравацца з “вялікай годнасцю”.

Прэфект Дыкастэрыі Божага культу таксама падкрэсліў, што католікі, якія жадаюць, могуць працягваць цэлебраваць і ўдзельнічаць у Эўхарыстыі паводле Імшала 1962 года. На яго думку, паслясаборная Імша на лацінскай мове таксама павінна быць больш даступнай.
 

30 жніўня 2022, 11:56