Нунцый у Кіеве: Папа сэрцам знаходзіцца ва Украіне
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас падкрэсліў, што сітуацыя ва Украіне драматычная, а пакуты людзей – простай неймаверныя. Перад абліччам велізарных патрэб, гуманітарнай дапамогі, якая прыходзіць, недастаткова, - дадаў у інтэрв’ю Vatican News папскі дыпламат.
Прадстаўнік Святога Айца прызнаўся, што складаная сітуацыя падштурхоўвае яго да больш інтэнсіўнага духоўнага жыцця. “Кожны дзень мы прачынаемся, дзякуем Богу за чарговы дзень. Перад абліччам нечалавечых нападаў на машыны хуткай дапамогі, дзіцячыя садкі і бальніцы, мы молімся, каб не прыпадобніцца да агрэсара. Мы змагаемся за тое, каб нашы сэрцы не былі напоўнены нянавісцю, але адвагай, надзеяй і даверам да Пана”, - сказаў ён.
Арцыбіскуп Кульбокас выказаў падзяку Францішку за благаслаўленне карон для абраза Маці Божай у катэдры ў Адэсе. Урачыстая каранацыя адбудзецца ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
“Святы Айцец не толькі скіроўвае чарговыя заклікі аб дапамозе для Украіны і аб малітве ў інтэнцыі міру. Ён сэрцам знаходзіцца ва Украіне. Нават калі дагэтуль, галоўным чынам з прычыны праблем, звязаных са здароўем, Папа не мог рэалізаваць сваё падарожжа ва Украіну – ён разам з намі. Гэта заўважыў не толькі я, але мноства людзей, якія ў апошні час мелі магчымасць паразмаўляць з ім. Усе мне казалі: відавочна, што Папа з намі ўсім сэрцам. Сумневы на гэты конт маюць тыя, хто чакае ад яго заняцця палітычнай пазіцыі. Аднак, калі паглядзець на яго сэрца, не будзе ніякіх сумневаў адносна таго, на якім баку ён. Сведчаннем гэтага з’яўляецца, напрыклад, благаслаўленне карон для абраза Маці Божай, які прыбыў да нас з Рыма. Гэта адчувальны знак блізкасці і пяшчоты, які дэманструе малітоўную падтрымку Святога Айца. Гэта таксама знак адзінства, а ў адзінстве сіла”, - сказаў Апостальскі нунцый ва Украіне.