Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін  

Дзяржсакратар: пацыфізм Касцёла – вера ў мір і праца дзеля міру

“Дыпламатыя Святога Пасаду звязана не з дзяржавай, а з суб’ектам міжнароднага права, які не мае палітычных, эканамічных ці ваенных інтарэсаў. Яна давярае сябе служэнню Біскупу Рыма”, - адзначыў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв’ю італьянскаму геапалітычнаму часопісу Limes Дзяржсакратар Яго Святасці падкрэсліў універсальны характар ватыканскай дыпламатыі, паколькі ў ёй служаць святары і іерархі, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі мясцовых Касцёлаў з усяго свету. Ён нагадаў, што кірунак працы тут задае Евангелле, якое абвяшчае дар міру.

“Касцёл бярэ прыклад са свайго Пана: верыць у мір, працуе дзеля міру, змагаецца за мір, сведчыць аб міры і стараецца яго будаваць. У гэтым сэнсе ён з’яўляецца пацыфісцкім”, - заўважыў бліжэйшы супрацоўнік Папы. У той жа час ён падкрэсліў, што “Катэхізіс Каталіцкага Касцёла прадугледжвае законную абарону... Народы маюць права абараняцца ў выпадку нападу. Гэтая законная абарона, аднак, павінна ажыццяўляцца пры пэўных умовах, пералічаных у тым жа Катэхізісе”. Іерарх адзначыў, што ў многіх частках свету бакі звяртаюцца да непрапарцыянальнага і неабдуманага прымянення зброі.

Вайна пачынаецца ў чалавечым сэрцы, а кожнае кровапраліцце пазбаўляе міру і робіць цяжкімі любыя перамовы, - звярнуў увагу кардынал Паралін. Ён са шкадаваннем адзначыў, што голас Святога Айца, які заклікае да перамоў і міру, часта застаецца “голасам крыку ў пустыні”.

“Нават сёння, у трагічным украінскім выпадку, здаецца, што няма гатоўнасці распачаць сапраўдныя мірныя перамовы і прыняць прапанову бесстаронняга пасрэдніцтва. (...) Але словы Папы па-ранейшаму з’яўляюцца сведчаннем найвышэйшай каштоўнасці, кранаючы сумленне многіх людзей, даючы зразумець, што мір і вайна пачынаюцца ў нашых сэрцах, і што мы ўсе пакліканы зрабіць свой унёсак у спрыянне міру і пазбяганне вайны”, - сказаў кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду.

Адказваючы на пытанне пра вайну ва Украіне, Дзяржсакратар дапусціў магчымасць перакідання канфлікту на іншыя краіны. “Лічу, што мы пакуль не можам ні прадказаць, ні пралічыць наступствы таго, што адбываецца. Смерць тысяч людзей, разбураныя гарады, мільёны перамешчаных асоб, спустошанае прыроднае асяроддзе, пагроза голаду з прычыны недахопу збожжа ў многіх частках свету, энергетычны крызіс... Дзіўным здаецца непрызнанне таго, што адзіным магчымым адказам, адзіным рэальным шляхам, адзінай рэальнай перспектывй з’яўляецца спыненне ўзбройвання і прасоўванне справядлівага і трывалага міру”, - заўважыў кардынал Паралін.

Адносна магчымасці візітаў Францішка ў канфліктныя краіны ва Усходняй Еўропе Дзяржсакратар заявіў, што самым вялікім жаданнем Папы, “і таму яго прыярытэтам”, з’яўляецца імкненне, каб “праз падарожжы можна было дасягнуць адчувальную карысць”. Таму Пантыфік сказаў, што хоча паехаць у Кіеў, каб прынесці суцяшэнне і надзею тым, хто пацярпеў ад вайны. Акрамя таго, ён абвясціў аб гатоўнасці паехаць і ў Маскву, калі ўзнікнуць умовы, якія сапраўды паспрыяюць міру. Далей ён адзначыў, што дыялог паміж Рымам і Масквой быў “цяжкім, рухаўся маленькімі крокамі і перажываў узлёты і падзенні”, але “не перапыняўся”. Сустрэча ў Іерусаліме паміж Папам і Патрыярхам Маскоўскім, запланаваная на чэрвень, была адкладзена па прычыне таго, што “сустрэла б незразуменне, і цяжар вайны, якая працягваецца, занадта моцна паўплываў бы на яе”, - растлумачыў кардынал Паралін.

У інтэрв’ю размова зайшла і пра ватыканска-кітайскае пагадненне. “Дыялог паміж Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай, распачаты па даручэнні святога Яна Паўла ІІ і працягнуты падчас пантыфікатаў Бэнэдыкта XVI і Францішка, прывёў у 2018 годзе да падпісання часовага пагаднення аб прызначэнні біскупаў у Кітаі. Яго часовасць стала асаблівасцю, якая перашкодзіла бакам адкрыць дакумент для грамадскасці, чакаючы праверкі яго функцыянавання на месцах і прыняцця рашэння”, - нагадаў дыпламат.

"Калі гаварыць аб ацэнцы вынікаў пагаднення, думаю, можна сказаць, што крокі зроблены, але не ўсе перашкоды і цяжкасці пераадолены, таму наперадзе яшчэ доўгі шлях да яго добрага прымянення і яго паляпшэння праз шчыры дыялог”, - адзначыў кардынал Паралін.
 

09 жніўня 2022, 12:08