Святы Пасад апублікаваў праграму папскага падарожжа ў Казахстан
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пантыфік прыбудзе ў сталіцу Казахстана 13 верасня 2022 года каля 17.45. У гэты дзень, акрамя цырымоніі прывітання, запланаваны сустрэчы з прэзідэнтам, прадстаўнікамі ўлады і дыпламатычнага корпуса.
На наступны дзень, 14 верасня, Францішак прыме ўдзел у адкрыцці VII З’езду лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, якое пройдзе ў Палацы міру і згоды. Цырымонія распачнецца ціхай малітвай удзельнікаў. Святы Айцец выступіць з прамовай. Там жа апоўдні пройдуць прыватныя сустрэчы Папы з некаторымі рэлігійнымі лідарамі. Вечарам ён узначаліць святую Імшу на Плошчы Expo.
Апошні дзень візіту, 15 верасня, распачнецца для Францішка прыватнай размовай з сабратамі, прадстаўнікамі Таварыства Езуса. Яна пройдзе ў Апостальскай нунцыятуры. Затым ён адправіцца ў катэдру Маці Божай Нястомнай Дапамогі на сустрэчу з біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі супрацоўнікамі. У другой палове дня Папа прыме ўдзел у завяршэнні кангрэса лідараў сусветных рэлігій і звернецца да яго ўдзельнікаў з прамовай.
Гэта будзе апошняе мерапрыемства ў рамках візіту. Пасля цырымоніі развітання, каля 16.45 самалёт з Пантыфікам на борце вылеціць з міжнароднага аэрапорта Нур-Султана ў Рым. Каля 20.15 яго прыбыццё будуць чакаць у рымскім аэрапорце Ф'юмічына.