Святы Пасад: Папа бароніць жыццё, не займае палітычнай пазіцыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа гаворыць як пастыр, які абараняе чалавечае жыццё, а не як палітык – і менавіта такое прачытанне яго шматлікіх выступленняў аб вайне ва Украіне з’яўляецца правільным, - гэта пасыл тэксту.
“Святы Айцец Францішак і яго супрацоўнікі шмат разоў выступалі ў кантэксце вайны ва Украіне. Яны ставяць сваёй асноўнай мэтай запрашэнне душпастыраў і вернікаў да малітвы, а ўсіх людзей добрай волі – да салідарнасці і намаганняў па ўсталяванні міру”, - гаворыцца ў заяве Святога Пасаду.
“Неаднаразова, таксама і ў апошнія дні, узнікала грамадская дыскусія наконт палітычнага значэння такіх выступленняў. У сувязі з гэтым хочам паўтарыць, што словы Святога Айца па гэтым драматычным пытанні павінны разглядацца як голас, узняты ў абарону чалавечага жыцця і звязаных з ім каштоўнасцей, а не як палітычная пазіцыя”, - працягваюць аўтары.
“Што датычыць шырокамаштабнай вайны ва Украіне, распачатай Расійскай Федэрацыяй, выступленні Святога Айца Францішка ясна і адназначна асуджаюць яе як маральна несправядлівую, непрымальную, варварскую, бессэнсоўную, агідную і святатацкую”, - заключае ватыканская заява.