Ватыкан: кансісторый і Імша з новымі кардыналамі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У суботу, 27 жніўня 2022 года ў 16.00 у базыліцы святога Пятра, Папа ўзначаліць Звычайны публічны кансісторый па прызначэнні новых кардыналаў, правядзе накладанне берэта, пасвячэнне пярсцёнка і прысваенне тытула або дыяканіі.
У той жа дзень ён узначаліць Звычайны публічны кансісторый па кананізацыі Джавані Батыста Скалабрыні (1839-1905), італьянскага біскупа, заснавальніка Таварыства Місіянераў Святога Карла і Таварыства Сясцёр Місіянерак Святога Карла Барамэа, якія займаюцца душпастырствам мігрантаў, а таксама Артэмідэ Дзаці (1890-1951), італьянскага свецкага верніка з Таварыства святога Францішка Сальскага, які праславіўся як урач, што служыў бедным у Аргентыне.
Гэта будзе восьмы кансісторый па прызначэнні новых кардыналаў падчас пантыфікату Францішка. Святы Айцец уключыць у Калегію кардыналаў 20 іерархаў. Гэта: арцыбіскуп Артур Рошэ, прэфект Кангрэгацыі па справах Божага культу і Дысцыпліны сакрамэнтаў; арцыбіскуп Лазарус Ю Хын Сік, прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства; арцыбіскуп Фернанда Вергес Альсага, старшыня Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан; арцыбіскуп Марсэля Жан-Марк Авэлін; біскуп Пітэр Окпалеке, пастыр дыяцэзіі Эквулабія ў Нігерыі; арцыбіскуп бразільскага Манаўса Леанарда Ульрых Штайнэр; арцыбіскуп Філіпэ Нэры Антоніу Себасцьян ду Разарыа Феран, пастыр Гоа і Дамана ў Індыі; Біскуп Сан-Дыега ў ЗША Роберт Макэлрой; біскуп Вірджыліу ду Карму да Сілва, пастыр дыяцэзіі Дылі ва Усходнім Тыморы; біскуп Оскар Кантоні, які ўзначальвае італьянскую дыяцэзію Кома; арцыбіскуп індыйскага Хайдарабада Антоні Пула; Паўла Сэзар Коста арцыбіскуп-мітрапаліт Бразіліі; Біскуп Ва ў Гане Рычард Куіа Баавобр Афр; Уільям Го Сэнг Чэ, арцыбіскуп Сінгапура; Адальберта Марцінэс Флорэс, арцыбіскуп-мітрапаліт Асунсьёна ў Парагваі; апостальскі прэфект Улан-Батара ў Манголіі Джорджыа Марэнга.
Акрамя таго, у склад Калегіі кардыналаў увойдуць іншыя прадстаўнікі духавенства. Гэта Хорхэ Энрыкэ Хіменэс Карвахаль, арцыбіскуп-эмерыт Картахены ў Калумбіі; Лукас Ван Луй арцыбіскуп-эмерыт бельгійскага Гента; Арыга Мільё, арцыбіскуп-эмерыт італьянскага Кальяры; езуіт Джанфранка Гірланда; ксёндз Фартуната Фрэза, канонік Капітула базылікі святога Пятра.
У аўторак, 30 жніўня ў 17.30 у ватыканскай базыліцы, Святы Айцец узначаліць эўхарыстычную цэлебрацыю з удзелам новых кардыналаў і Калегіі кардыналаў.
29-30 верасня адбудзецца другі Надзвычайны кансісторый падчас пантыфікату Францішка, тэмай якога з’яўляецца разважанне над новай апостальскай канстытуцыяй Praedicate Evangelium. У ім возьмуць удзел усе члены Калегіі кардыналаў.