Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар нагадаў у ААН пра патрэбу ў цэласнай адукацыі

Адукацыя – гэта адзін з найбольш эфектыўных сродкаў, каб зрабіць наш свет і нашу гісторыю больш чалавечнымі, - заўважыў кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Адукацыя дапаможа пераадолець шматлікія падзелы, якія існуюць у нашых грамадствах, будуючы больш моцныя і ўстойлівыя грамадствы, заснаваныя на каштоўнасцях агульначалавечага братэрства і салідарнасці, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца на Саміце па трансфармацыі адукацыі, які з 16 па 19 верасня 2022 года праходзіў у сядзібе ААН у Нью-Ёрку.

Ватыканскі іерарх нагадаў пра тэрміновую патрэбу ў глабальным адукацыйным саюзе, стварэнні “адукацыйнай вёскі”, дзе людзі будуць узаемадзейнічаць на карысць выхавання і адукацыі новых пакаленняў. З дапамогай адукацыі можна змагацца за лепшы свет, - дадаў ён, зазначаючы, што маладыя пакаленні неабходна набліжаць да каштоўнасцяў павагі, дыялогу і салідарнасці праз інвеставанне рэсурсаў у якасную адукацыю.

Іерарх звярнуў увагу на чатыры стаўпы адукацыі: пазнанне сябе, бліжняга, стварэння і Трансцэндэнтнасці. Ён таксама ўказаў на сем шляхоў цэласнай адукацыі, якая павінна прадугледжваць павагу да каштоўнасці і годнасці чалавека; слуханне дзяцей і моладзі; зааахвочванне дзяўчын і маладых жанчын да атрымання адукацыі; прызнанне сям’і першым асяродкам фармацыі чалавека; выхаванне адкрытасці на сітуацыі ўразлівасці; пошук новых спосабаў разумення эканомікі, палітыкі, развіцця і прагрэсу; абарону агульнага дома.

Кардынал Паралін нагадаў, што Касцёл ад самага пачатку сваёй гісторыі злучаў евангелізацыю з перадачай ведаў, культуры і навукі праз кляштары, як цэнтры культуры, а таксама праз школы і ўніверсітэты. На сённяшні дзень у свеце дзейнічае 220 тысяч каталіцкіх школ і 1365 універсітэтаў, дзе атрымліваюць адукацыю каля 70 мільёнаў навучэнцаў, многія з якіх не з’яўляюцца католікамі і хрысціянамі, падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Папы.
 

20 верасня 2022, 13:36