Кардынал П'етра Паралін у эфіры тэлеканала Rai 2 Кардынал П'етра Паралін у эфіры тэлеканала Rai 2 

Кардынал Паралін: Папа рашуча настроены паехаць у Кіеў

Папа рашуча настроены паехаць у Кіеў – пра што ён публічна заяўляў – калі візіт паспрыяе міру, а не будзе проста магчымасцю зрабіць фотаздымкі, - падкрэсліў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У эфіры італьянскага тэлеканала Rai 2 Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы адзначыў, што з дыпламатычнага пункту гледжання Апостальская Сталіца застаецца адкрытай для ўсіх: як для агрэсараў, так і для тых, хто падвергнуўся нападу, жадаючы дасягнення перамір’я і трывалага спакою.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што прагне для Украіны “справядлівага” і “поўнага” міру, які задаволіць усіх і будзе ўлічваць усе аспекты, каб выключыць магчымасць новых канфліктаў у будучыні. Ён асудзіў гонку ўзбраенняў, заўважаючы, аднак, што народы маюць права абараняць сябе ў выпадку нападу.

Узброеная абарона ад агрэсара – гэта права і абавязак, але яна павінна адпавядаць дакладным умовам, згаданым у Катэхізісе, - нагадаў Дзяржсакратар. Іерарх падкрэсліў важнасць улічвання магутнасці сучасных ваенных сродкаў, дадаючы, што ў сувязі з гэтым Папа вельмі заклапочаны гонкай узбраенняў.

Адказваючы на пытанне пра адмененую сустрэчу Святога Айца з Патрыярхам Кірылам у Казахстане, бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка выказаў перакананне, што такая падзея павінна быць добра падрыхтаванай, каб яна прынесла плёны. Дыялог працягваецца, а Апостальская Сталіца з павагай ставіцца да традыцыі большага атаясамлівання Праваслаўнай Царквы з уладамі краіны, у якой дзейнічае, калі гэта адбываецца ў меру, - дадаў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.
 

05 верасня 2022, 11:06