Кардынал Конрад Краеўскі ля брацкай магілы ў Ізюме Кардынал Конрад Краеўскі ля брацкай магілы ў Ізюме 

Кардынал Краеўскі маліўся ў Ізюме, “дзе вайна не мае літасці”

Кардынал Конрад Краеўскі, які па даручэнні Папы ўжо ў чацвёрты раз ад пачатку вайны наведвае Украіну, памаліўся ля брацкіх магіл у Ізюме, а таксама трапіў пад абстрэл у Запарожжы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Я ведаю, што ідзе вайна, а вайна не мае літасці, што ёсць загінулыя, але бачачы столькіх у адных месцы, гэта цяжка пераказаць і патлумачыць”, - прызнаўся Апостальскі элемазінарый у каментары для Vatican News пасля візіту ў горад Ізюм, нядаўна вызвалены ад расійскай арміі, дзе былі знойдзены парэшткі каля 450 чалавек.

Прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні прысутнічаў пры эксгумацыі цел, прызнаючыся, што быў уражаны тым, з якой павагай маладыя ўкраінскія паліцэйскія і салдаты ставіліся да загінулых.

“Усе стаялі ў цішыні, з неверагоднай пашанай да таямніцы смерці... Гэта быў па-сапраўднаму кранальны момант – бачыць, як яны выносілі целы. Здавалася, што яны рабілі гэта для сваіх сем’яў, для сваіх бацькоў, дзяцей, братоў”, - сказаў кардынал, дадаючы, што стаў сведкам сапраўднага служэння міласэрнасці. Ён распавёў, што ўбачыў прыгажосць, схаваную ў чалавечых сэрцах, у якіх магла пасяліцца выключна помста. “Мне ўзгадаліся словы Святога Пісання пра тое, што зло заўсёды павінна перамагацца дабром”, - дадаў іерарх.

Кардынал Краеўскі наведаў таксама паліцэйскі пастарунак у Ізюме, ператвораны ў катавальню, а два дні таму, дастаўляючы гуманітарную дапамогу ў Запарожжа, разам з двума біскупамі, каталіцкім і пратэстанцкім, і ў суправаджэнні ўкраінскага салдата, трапіў пад абстрэл, але застаўся цэлы. “Упершыню ў жыцці я не ведаў куды бегчы, бо недастаткова толькі ўцякаць, трэба ведаць куды”, - падзяліўся ён, дадаючы, што ўся дапамога была дастаўлена, а людзі, якія атрымлівалі ружанцы, благаслаўлёныя Папам, адразу апраналі іх на шыю.

20 верасня 2022 года кардынал Конрад Краеўскі адправіўся ў Кіеў, а адтуль вернецца ў Рым. Падчас сваёй чацвёртай гуманітарнай місіі ён наведаў не толькі Ізюм і Запарожжа, але таксама Вініцу, Летычыў, Адэсу і Харкаў.
 

20 верасня 2022, 12:56