Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад заклікае да справядлівасці ў турыстычнай сферы

Сфера турызму павінна развівацца ў адпаведнасці з прынцыпамі справядлівасці і сацыяльных перамен, - адзначыў прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Майкл Чэрны звярнуў увагу на тое, што такі падыход патрабуе павагі да правоў рабочых на ўсіх узроўнях і ва ўсіх краінах і справядлівага дзялення прыбытку. Рэакцыя прадстаўніка Святога Пасаду была прымеркавана да Сусветнага дня турызму, які адзначаецца 27 верасня. Тэма сёлетняга – Пераасэнсаванне турызму.

Трэба змяніць тое, што многія работнікі па-ранейшаму “працуюць у крытычных, а часам і незаконных умовах”, - дадаў ватыканскі іерарх. Яны атрымліваюць няроўныя заробкі, вымушаныя займацца напружанай працай, часта ўдалечыні ад сям'і, і “падпарадкоўвацца правілам агрэсіўнай канкурэнцыі”.

Кардынал Чэрны таксама заклікаў да большай устойлівасці ў сферы турызму. На яго думку, асабліва ва ўмовах пандэміі і энергетычнага крызісу варта засяродзіцца на мясцовых падарожжах, каб “пазнаць і ацаніць” суседнія рэгіёны.

Хоць гэты сектар эканомікі значна пацярпеў ад пандэміі, цяпер ён можа стаць адным з рухавікоў аднаўлення больш справядлівага і лепшага свету, - лічыць прэфект дыкастэрыі. Таксама Касцёл глядзіць на гэта “адраджэнне і аднаўленне” “вачыма надзеі”, маючы на ўвазе ўсіх, хто ў ім удзельнічае.
 

28 верасня 2022, 10:33