Ватыкан Ватыкан 

Ватыкан: візіт прадстаўніка Прэзідэнта ЗША па закладніках

Спецыяльны пасланнік Прэзідэнта ЗША па закладніках 14-17 верасня 2022 года знаходзіўся з візітам у Ватыкане для кансультацый з кіраўніцтвам дыпламатыі Святога Пасаду.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас свайго падарожжа Роджэр Карстэнс узаемадзейнічаў з афіцыйнымі асобамі Святога Пасаду і зацікаўленымі бакамі па пытаннях, звязаных з прадухіленнем і вырашэннем праблемы незаконнага затрымання і ўзяцця ў закладнікі ва ўсім свеце, - паведамілі ў Дзярждэпартаменце ЗША.

“Святы Пасад мае сусветнае значэнне і з’яўляецца лідарам у глабальных пытаннях. Мы з нецярпеннем чакаем абмеркавання гэтых пытанняў і вызначэння напрамкаў супрацоўніцтва”, - заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента перад візітам Карстэнса.

“На самым высокім узроўні ўрада ЗША мы актыўна працуем з экспертамі ўнутры і па-за межамі выканаўчай улады, каб вярнуць дадому амерыканскіх закладнікаў і неабгрунтавана затрыманых і стрымаць краіны ад гэтай практыкі”, - дадаў ён.

Як адзначаюць эксперты, так званая “дыпламатыя закладнікаў” усё часцей выкарыстоўваецца аўтакратыямі ў якасці альтэрнатывы прамой ваеннай канфрантацыі. Такая практыка пагражае пашырэннем разрыву паміж дэмакратыямі і аўтакратыямі, ствараючы атмасферу палітычнага і эканамічнага недаверу паміж краінамі.
 

21 верасня 2022, 09:53