Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Ян Павел І – хрысціянін, які стаў Папам

Беатыфікацыя Яна Паўла І – гэта заклік нанова адкрыць пакору, якая дазваляе цнотам веры, надзеі і любові рэалізавацца ў канкрэтным жыцці, - падкрэсліў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Андрэа Тарніелі нагадаў словы, якія Альбіна Лучані не аднойчы паўтараў у сваіх гаміліях: “Здзяйсняючы вялікія справы, Бог часам любіць запісваць іх не на бронзе ці мармуры, але проста на пылу: калі надпіс застанецца, калі яго не змяце і не развее вецер, відавочна, што заслуга належыць толькі аднаму Богу. Я і ёсць гэты пыл...”.

“Менавіта ў сцвярджэнні “Я – гэта пыл” заключана вялікая таямніца хрысціянскага жыцця, якую Альбіна Лучані пацвярджаў на працягу ўсяго свайго жыцця”, - дадаў Тарніелі ў сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News.

На думку эксперта, Ян Павел І меў ласку прызнання сябе грэшнікам, які патрабуе ўсяго; ласку не разлічваць на свае сілы, здольнасці і стратэгіі, але на дапамогу і прысутнасць Бога, што дазволіла яму сведчыць пра мірны і поўны даверу Касцёл. “Касцёл жыве Евангеллем у штодзённым жыцці і не мае патрэбы ў феерверках, каб паказаць сваё існаванне. Касцёл нясе блізкасць, суцяшэнне і надзею ўсім, пачынаючы з самых малых, самых бедных, адрынутых і непрэзентабельных”, - дадаў Тарніелі.

Галоўны рэдактар медыя Святога Пасаду назваў “вялікім знакам надзеі для ўсіх” узнясенне да хвалы алтароў “сына венецыянскага Касцёла, якому быў чужы ўсялякі пратаганізм, які ніколі не імкнуўся да высокіх пасадаў, а да таго, як быў амаль адзінагалосна выбраны на канклаве, думаў паехаць місіянерам у Афрыку па дасягненні кананічнага ўзросту для адстаўкі з Венецыі”.

“Таму, як падкрэсліла віцэ-пастулятар кананізацыйнага працэса Стэфанія Фаласка, благаслаўлёным быў абвешчаны не Папа і не яго пантыфікат, а хрысціянін, які ўсёй сваёй існасцю ішоў за Евангеллем, прызнаючы сябе “пылам”. Хрысціянін, які молячыся кожны дзень: “Пане, прымі мяне такім, якім я ёсць, і зрабі мяне такім, якім Ты хочаш бачыць мяне”, - стаў прыладай, з дапамогай якой Бог міласэрнасці напісаў цудоўныя старонкі, і сёння яны як ніколі актуальны для Касцёла і ўсяго свету”, - завяршыў сваё разважанне Андрэа Тарніелі.
 

05 верасня 2022, 10:28