Кардынал: ватыканская базыліка не можа быць проста музеем
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На працягу бліжэйшых двух тыдняў вечарамі на фасадзе базылікі дэманструецца 3D-праекцыя пад назвай Ідзі за Мною. Жыццё Пятра. Гледачамі першага ў гісторыі храма відэамэпінгу 2 кастрычніка 2022 года сталі некалькі тысяч асоб. Урачыстаму паказу папярэднічаў кароткі канцэрт Андрэа Бачэлі. Падчас цырымоніі неаднойчы гучаў заклік да міру ва Украіне.
Архіпрэсбітэр базылікі святога Пятра адзначыў, што неабходна зрабіць яе месцам жывога культу праз гасціннасць у адносінах да пілігрымаў і адпаведнае душпастырства. Ён падзяліўся жаданнем Францішка, каб храм быў не проста музеем, чаго нялёгка дасягнуць з 50 тысячамі пілігрымаў і турыстаў кожны дзень.
Ужо адбываюцца штодзённыя “міжнародныя” Імшы для пілігрымаў. Таксама вядзецца праца па стварэнні асобнага ўваходу для людзей, якія жадаюць прыйсці ў базыліку на літургію і асабістую малітву і часта не могуць гэтага зрабіць з прычыны вялікай чаргі для ўваходу ў храм.