Кардынал Джанфранка Равазі Кардынал Джанфранка Равазі  

Кардыналу Джанфранка Равазі – 80

18 кастрычніка 2022 года кардыналу Джанфранка Равазі – старшыні-сеньёру Папскай рады па культуры, выбітнаму біблеісту і экзэгету споўнілася 80 гадоў. Ён страціў права ўдзелу ў магчымым канклаве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сваё служэнне ў структурах Святога Пасада ён пачаў 3 верасня 2007 года, калі Бэнэдыкт XVI прызначыў яго старшынёй Папскай рады па культуры, Папскіх камісій: па касцёльных культурных каштоўнасцях і сакральнай археалогіі, а таксама Каардынацыйнай рады Папскіх акадэмій. Папа таксама ўзвёў яго ў годнасць арцыбіскупа.

На гэтай пасадзе Равазі разгарнуў актыўную дзейнасць, аддаючы прыярытэт такім пытанням, як адносіны паміж навукай і верай (праект STOQ – Science, Theology and the Ontological Quest), паміж мастацтвам і верай, дыялог паміж Касцёлам і светам атэізму і нявер'я (ініцыятыва Панадворак язычнікаў) і пытанні СМІ, мовы і дыялогу з новымі культурамі. Менавіта па ініцыятыве Папскай рады і яе старшыні 21 лістапада 2009 года ў Сікстынскай капэле прайшоў вялікі міжнародны кангрэс, прысвечаны Чарльзу Дарвіну, з удзелам вядучых навукоўцаў з усяго свету, якіх тады прыняў на аўдыенцыі Бэнэдыкт XVI.

На кансісторыі 20 лістапада 2010 года Папа ўключыў Равазі ў Калегію кардыналаў. У сакавіку 2013 года іерарх прыняў удзел у канклаве, які абраў Францішка.

Калі 5 чэрвеня 2022 года ўступіла ў сілу апостальская канстытуцыя Францішка Praedicate Evangelium, якая грунтоўна рэфармавала Рымскую курыю, кардынал стаў старшынёй-сеньёрам Папскай рады па культуры, якая фармальна спыніла сваё існаванне, а яе задачы і абавязкі ўзяла на сябе новаствораная Дыкастэрыя па справах культуры і адукацыі.

У цяперашні час у Калегію кардыналаў уваходзяць 226 іерархаў, 128 з якіх маюць выбарчыя правы на наступным канклаве.
 

18 кастрычніка 2022, 13:08