Кардынал П'етра Паралін падчас Імшы з удзелам дыпламатычнага корпуса Святога Пасада Кардынал П'етра Паралін падчас Імшы з удзелам дыпламатычнага корпуса Святога Пасада 

Дзяржсакратар: спыненне агню ва Украіне неабходна і магчыма

Дзяржсакратар Яго Святасці лічыць, што спыненне агню ў вайне Расіі з Украінай “не толькі магчымае, але таксама неабходнае і тэрміновае”. Пра гэта кардынал П’етра Паралін заявіў у інтэрв’ю Famiglia cristiana.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Першае, што трэба зрабіць, – прымусіць змоўкнуць зброю, адзначыў кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада. Ён нагадаў аб тым, што міжнародная супольнасць мае місію “суправаджаць і спрыяць” працэсу спынення агню, але не праз пагрозы, а “праз жэсты даверу і добрай волі, якія ствараюць умовы для дыялогу і адкрываюць шлях да перамоў”. Папа выразна выказаў сваю пазіцыю па гэтым пытанні.

Кардынал Паралін таксама распавёў пра адносіны паміж Святым Пасадам і Рускай Праваслаўнай Царквой, якія пагоршыліся з прычыны падтрымкі яе кіраўніцтвам вайны. Ватыканскі іерарх запэўніў, што, нягледзячы на “непаразуменні”, дзверы для магчымай сустрэчы Папы з Патрыярхам Маскоўскім застаюцца адчыненымі, і дыялог не перапыняецца.

З боку Святога Пасада жаданне такой сустрэчы ўсё яшчэ існуе, нават калі абставіны перашкаджаюць яе ажыццяўленню. “Мы ведаем, што такое жаданне існуе і з боку Праваслаўнай Царквы”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка.
 

17 кастрычніка 2022, 10:44