ААН у Женеве ААН у Женеве 

Прадстаўнік Ватыкана ў ААН звярнуў увагу на правы чалавека

Пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў жэнеўскім бюро ААН арцыбіскуп Фартунатус Нвачукву выступіў з дзвюма заявамі на 51-й сесіі Савета па правах чалавека.

Марыя Валодзіна - Vatican News

29 верасня 2022 года, падчас Інтэрактыўныга дыялога са Спецыяльным прадстаўніком па правах карэнных народаў, арцыбіскуп Нвачукву ў сваім звароце надаў асаблівую ўвагу цэнтральнай ролі жанчын з ліку карэнных народаў як захавальніц традыцыйных і тэхнічных ведаў і навыкаў, у прыватнасці, у сферы сельскай гаспадаркі, аховы здароўя і прыродных рэсурсаў. Гэтыя веды і навыкі перадаюцца далей ад матуль і бабуль дзецям і ўнукам, - зазначыў ён.

Арцыбіскуп Нвачукву выказаў занепакоенасць тым, што, нягледзячы на дасягнуты прагрэс у пэўных кантэкстах роля жанчын з ліку карэнных народаў па-ранейшаму стрымліваецца расізмам, дыскрымінацыяй і насіллем. Ён заклікаў усіх зацікаўленых асоб да супрацоўніцтва, у духу салідарнасці і павагі да розных культур, да ўдзелу ў канструктыўным і інклюзіўным дыялогу, заснаваным на прызнанні годнасці, уласцівай кожнаму чалавеку, а таксама каштоўнасці розных народаў, а не на гвалтоўным навязванні адной культурнай мадэлі.

3 кастрычніка 2022 года прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН выступіў з другой заявай, у якой выказаў заклапочанасць выпадкамі насілля на расавай глебе, асабліва ў дачыненні да асоб афрыканскага паходжання. Такая дыскрымінацыя наносіць сур'ёзную шкоду годнасці ахвяр і падрывае іх фізічную і маральную недатыкальнасць. На жаль, падчас канфлікту ва Украіне таксама мелі месца выпадкі расавай дыскрымінацыі ў дачыненні да людзей афрыканскага паходжання з боку супрацоўнікаў памежнага патруля і іншых. Такім чынам, гэтыя людзі, якія і без таго пакутуюць ад цяжкасцей вайны, вымушаны сутыкацца з дыскрымінацыяй з-за колеру скуры. Бежанцаў варта вітаць, бараніць і інтэграваць у грамадства, незалежна ад іх расы, краіны паходжання, культуры ці рэлігіі, і ніколі не варта разглядаць у якасці цяжару, - звярнуўся да асамблеі ААН прадстаўнік Святога Пасаду.

04 кастрычніка 2022, 13:47