Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: кардынал Кох размаўляў са старшынёй епіскапату Германіі

4 кастрычніка 2022 года ў Рыме адбылася канфідэнцыяльная размова прэфекта Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству і старшыні Канферэнцыі Біскупаў Германіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустрэча была звязана з публічнай палемікай вакол інтэрв’ю кіраўніка Дыкастэрыі ад 29 верасня 2022 года. Іерархі абмяняліся поглядамі, - паведаміў прэс-сакратар нямецкага епіскапату Маціяс Коп.

Кардынал Курт Кох запэўніў біскупа Георга Бэтцынга, што не меў на ўвазе так званага сінадальнага шляху ў Германіі, калі выкарыстаў параўнанне тэалагічных дэбатаў падчас форуму да арганізацыі Нямецкія хрысціяне ў часы нацыянал-сацыялізму. Прэфект выразна падкрэсліў, што ён далёкі ад намеру вінаваціць удзельнікаў нямецкага сінадальнага шляху ў жахлівай ідэалогіі 1930-х гадоў. Ён папрасіў прабачэння ва ўсіх, хто адчуў сябе пакрыўджаным.

Іерархі заявілі, што тэалагічная дыскусія, у якую кардынал Кох хацеў унесці свой уклад праз інтэрв’ю, павінна працягвацца, гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Канферэнцыі Біскупаў Германіі.
 

06 кастрычніка 2022, 10:54