Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Анлайн-сустрэча 190 італьянскіх кляўзуровых кляштараў

Быць жывымі камянямі для будоўлі Касцёла, ісці разам, слухаць Духа Святога, прарочыць сінадальнасць – такім шляхам закліканы ісці супольнасці кантэмпляцыйнага жыцця, - адзначыў арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбальё.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Cакратар Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця звярнуўся з прамовай да ўдзельнікаў анлайн-сустрэчы, арганізаванай Сакратарыятам па падтрымцы манахінь і вышэйзгаданай дыкастэрыяй з нагоды Дня Pro Orantibus. У анлайн-сустрэчы прынялі ўдзел 190 кляштараў.

Кантэмпляцыйнае жыццё заклікана ўважліва прыслухоўвацца да рэальнасці, каб стаць адказам Касцёла на сённяшні дзень. “Прастата сузіральнага жыцця адлюстроўвае мэту, да якой імкнецца ўвесь Касцёл. Ён ідзе па дарогах чалавецтва і часу, скіраваўшы погляд да Бога”, - падкрэсліла ў сваёй прамове сястра Джузэпіна Фрагаса, віцэ-старшыня Сакратарыята па падтрымцы манахінь.

Яна параўнала кантэмпляцыйныя супольнасці з “гарадамі, якія месцяцца на гары” і з “агнямі, якія асвятляюць” наваколле. “Яны знаходзяцца на пагорку, месцы, дзе жывуць тыя, хто не праходзіць міма, хто здольны на любоў і клопат аб параненым чалавецтве.” Па яе словах, “усе формы кансэкраванага жыцця чэрпаюць з крыніцы сузірання. Жыццё цалкам прысвечанае сузіранню – гэта гісторыя любові, гарачай любові да Бога і чалавецтва, гэта неацэнны і неспасціжны дар Касцёлу.”

“На пытанні новага часу нельга адказваць старымі інструментамі”, - лічыць сястра К'яра Франчэска Лакіні, настаяцельніца капуцынак-кларысак з кляштара святога Рамуальда.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў анлайн-сустрэчы былі два касцёльных дакументы аб кансэкраваным жыцці: Cor orans і Vultum Dei Quaerere. Іх рэалізацыя распачала працэсы абнаўлення і адкрыла новыя шляхі для сустрэч, адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі. Дакументы даюць магчымасць бачыць сучасную рэчаіснасць вачыма веры, якая дапамагае кляштарам жыць у сітуацыі нестабільнасці, сведчачы аб сапраўдным кантэмляцыйным жыцці.

 

30 лістапада 2022, 11:09